БЕЛАРУСКІ ЖЫВАПІС У БРУКЛІНЕ

Крок за крокам абнаўляецца гістарчны будынак беларускай царквы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Ужо вісць новая шыльда, устаўлены новыя вокны, ідзе рамонт грамадзкай залі, інсталюецца новая электраправодка, каларыферы і кандыцыянеры. І хоць рамонт яшчэ ня скончаны, царкоўная служба і культурныя мерапрыемствы тут адбываюцца рэгулярна. Да пасяджэньня ці імпрэзы залю прыбіраюць і усё адбываецца сваім парадкам. Нішто нічаму не замінае. І рамонт ідзе і развалу няма.

З 12-га траўня ў грамадзкай залі ўжо разьмешчаная калекцыя жывапісных карцін выдатнага беларускага скульптара Алеся Шатэрніка і маладой мастачкі Юліі Шатэрнік (Вінакуравай). Дарэчы, гэта, відць, той выпадак калі талент перадаецца ў спадчыну ад бацькоў. Юлія піша ў асноўным нацюрморты, кветкі і прадметы. Яна добры і тонкі калярыст, умее хораша выявіць натуру і галоўнае — ўдыхнуць у яе душу (у гэтым ёсьць асноўная рыса таленту ў мастацтве). Натура ажывае, пачынае “дыхаць”, праз хараство выяўляецца сутнасьць рэчы. Манера жывапісу Юліі дастаткова прафэсійная, фарбы выразныя, ужо адчуваецца цьвёрдасьць рукі. Застаецца толькі пажадць мастачцы далейшых посьпехаў у творчасьці, якая ў яе яшчэ ўся наперадзе.

Алесь Шатэрнік, маэстра ў скульптуры, зьвярнуўся да жывапісу параўнальна нядўна і, як на мой погляд, цалкам заканамерна. Я ведаю мастака ўжо дастаткова часу. Гэта паэтычная захопленая натура, якая ўмее бачыць і цаніць хараство. У скульптуры яму заўсёды было цеснавата, пачуцьцё шукала выхаду і тады ён пачынаў упрыгожваць, ляпіць цэлыя скульптурныя феерыі. Яму б нарадзіцца ў эпоху барока. Але паколькі цяпер іншыя звычкі, то творчыя пакуты ўражаньняў над формай знайшлі паралельны выхад у жывапісе і паэзіі.

Мастак выкарыстоўвае імпрэсіяністычную манеру пісьма. Яго карціны эцюднага кшталту, але дастаткова згарманізаваныя па калярыту, з крыху прыглушанымі колерамі. Яны выяўляюць найперш беларускую прыроду, вёсачкі, сялянскія дамы, звычайныя і мілыя куткі прыроды Беларусі, гледзячы на якія тут, за мяжой, далёка, пачынае шчымець сэрца па любай і дарагой Бацькаўшчыне.

З аднаўленьнем рамонтных працаў у траўні калекцыю часова здымуць, а ў восень выстава будзе павялічана, папоўнена новымі творамі і тады ў прысутнсьці мастакоў адбудзецца цалкавітае яе адкрыцьцё.

Зянон Пазьняк

кандыдат мастацтвазнаўства.

20 траўня 2006 г.