УЛАДЗІМЕР РЫГОРАВІЧ ПЛЕШЧАНКА 1948–2006
Уладзімер Рыгоравіч Плешчанка (26.07.1948–20.05.2006)
Ён жыў дзеля Беларусі. Дарагой Айчыне, нашаму народу былі прысьвечаны кожнае імгненьне ягонага яркага і гераічнага жыцьця, ягоныя думкі, мары і стваральныя справы. Ён быў з кагорты рыцараў беларускага нацыянальнага Адраджэньня, якія ва ўсе часы нашай гісторыі баранілі Беларусь, былі прыкладам мужнасьці і самаахвярнасьці для цэлых пакаленьняў і назаўсёды засталіся з намі як увасабленьне нашага нацыянальнагу духа.
За сваю працу на ніве Адраджэньня, за свой змагарны подзьвіг ён ніколі не прасіў узнагароды альбо прызнаньня заслугаў. Дзякуючы такім змагарам жыве незалежная Беларусь, не здаецца наш народ падступнаму імпэрскаму ворагу.
Уладзімер Плешчанка бараніў Айчыну разам з сябрамі-аднадумцамі пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Ён заўсёды казаў людзям праўду, нават тады, калі было выгадна жыць не па праўдзе, прыстасавацца і не рызыкаваць. Калі ўвосень 1988 года паўстаў Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, Уладзімер Плешчанка стаў адным з выдатных дзеячаў нацыянальна-вызвольнага руху. Ён узначаліў і на працягу шэрагу гадоў кіраваў Віцебскай гарадзкой арганізацыяй Народнага Фронту, а потым і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Антыбеларускі рэжым баяўся патрыёта, імкнуўся зламіць яго паліцэйскімі, судовымі і турэмнымі рэпрэсіямі. Псэўдаапазіцыя блюзьнерыла ў адрас патрыёта, псэўдадэмакратычны друк замоўчваў ягонае імя і мужныя справы. Але рэпрэсіі не запалохалі яго, ён не зважаў на фальшывых псэўдаапазіцыйных імітатараў. Ён верыў у наш народ, у ягоную змагарную моц і заклікаў да Беларускай Салідарнасьці. Беларусы адказалі яму даверам і павагай. Дзякуючы яму тысячы людзей паверылі ў адраджэнскую справу і ў беларускую перамогу, далучыліся да змаганьня.
Сябра Сойму Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Уладзімер Плешчанка браў чынны ўдзел у распрацоўцы і рэалізацыі партыйных праграмаў і мерапрыемстваў. Ягоны жыцьцёвы досьвед, высокая культура і інтэлект, прынцыповасьць пазіцыяў і шчырасьць душы заўсёды дапамагалі нам прыняць слушнае рашэньне, знайсьці адказ на самыя складаныя пытаньні. Але віцеблянам ён запомніцца перш за ўсё як нязломны змагар на перадавой лініі абароны Беларусі. Не баючыся ўдараў антыбеларускай дыктатуры, ён на працягу гадоў з дня ў дзень выходзіў у цэнтар гораду, каб сустрэцца з людзьмі і зноў казаць ім праўду, зноў заклікаць іх да салідарнага супраціву расейскай імпэрыі і яе мясцовым паслугачам. Лепшай узнагародай яму стаў сёлетні веснавы рэвалюцыйны ўздым беларускай моладзі, якая прыняла ад старэйшых паходню змаганьня за Беларусь.
Мы выказваем шчырыя спачуваньні ягонай сямьі. Памяць аб Уладзімеры Плешчанку застанецца з намі назаўжды. Ягонае жыцьцё і подзьвіг увасобяцца ў вольнай і незалежнай Беларусі.
Сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
20 траўня 2006 г.