ПАМЯЦІ УЛАДЗІМЕРА ПЛЕШЧАНКІ
Няма больш Уладзімера Плешчанкі. 20 траўня ў вёсцы Вароны ён памёр на двары перад бацькаўскай хатай ад сардэчнага прыступу на 57 годзе жыцьця. Сябра Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, кіраўнік Віцебскай арганізацыі КХП — БНФ. Цяжка ўявіць, што не жыве ўжо гэты моцны беларус, наш паплечнік і гераічны змагар.
З дня ў дзень Уладзімер Плешчанка прыходзіў да "Сіняга дому" у цэнтры Віцебска са сьцягам, беларускай літаратурай, лёзунгамі і фронтаўскімі улёткамі. Да яго ішлі параіцца, пагаварыць пра Беларусь, на яго кідаліся правакатары і непрыяцелі. Яго пастаянна цягнулі ў суд, саджалі за краты, прысуджалі непамерныя штрафы. Але пасьля суду ён зноў вяртаўся і ўсё пачынаў спачатку. Ён быў спакойны, пасьлядоўны і моцны, як крэмень, ён прымусіў сябе паважаць. Зь ім лічыліся нават ворагі.
Рэжым не прамінаў выпадку, каб яго асудзіць, аштрафаваць ды бяспраўна пасадзіць за краты. Аднойчы па падазрэньні (якога не даказалі) яго пратрымалі паўгода ў турме. На яго наклалі шматмільённыя штрафы за беларускае слова, за Беларускі Сьцяг, за раздачу беларускіх газэтаў, за дэманстрацыю нязгоды з прамаскоўскім рэжымам, за шанаваньне Беларусі. Ён ня мог і не зьбіраўся плаціць ім іх халуйскія штрафы за сваю беларускую пазыцыю, бо ня меў маёмасьці, а яны ганебна вешалі на яго штрафныя мільёны, думаючы запалохаць.
Уладзімер Плешчанка паказаў несамавіта яркі ўзор ахвярнага служэньня вольнай Беларусі і сваісты прыклад змаганьня за гонар і свабоду Бацькаўшчыны. На такія паводзіны здольныя толькі людзі моцныя духам.
Імя Уладзімера Плешчанкі вялікімі літарамі упісана ў беларускую барацьбу за ідэалы незалежнасьці і свабоды. Перамога будзе. Бывай наш дарагі сябра!
Зянон Пазьняк
21 траўня 2006 г.