РУСІФІКУЮЦЬ БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА

Арміі балтыйскіх рэспублікаў адразу пасьля абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці ў 1991 г. апрануліся ва ўніформы паводле эўрапейскага ўзору, выкінуўшы на сьметнік расейска-савецкую кірзу і парцянкі. Зразумела, што ўсе статуты, каманды і наагул моўнае жыцьцё ва ўзброеных сілах прыбалтаў адбываецца выключна на летувіскай, латышскай і эстонскай мовах (пры тым, што ёсьць вялікае запатрабаваньне на замежныя мовы ў сувязі з удзелам у НАТО). На Беларусі мы назіраем крыўднае капіраваньне ўсіх дурных расейскіх формаў і звычак. Тыя ж картузы-патэльні ў нашых афіцэраў, кірза, парцянкі і сярмяжная шынэлка ў жаўнераў. Усё робіцца дзеля таго, каб сваімі зьнешнімі формамі беларуская армія была часткай маскоўскай арміі. Беларушчына ад самага пачатку груба выцесьнена з нашай нацыянальнай арміі. З кожным годам расейскія чужакі-гастралёры ўсё больш бяруць пад сваю каманду нашы ўзброеныя сілы. Перад беларускімі афіцэрамі стаіць выбар: або падпарадкавацца гэтаму правілу выжываньня (растаптаць у сабе беларуса), або ісьці з войска прэч. Пэўны час нашы вайскоўцы карысталіся, аднак, беларускамоўнымі знакамі-нашыўкамі. І вось антыбеларускі рэжым па камандзе сваіх крамлёўскіх паханоў пачаў зьнішчаць і гэтыя парэшткавыя прыкметы нацыянальнай прыналежнасьці ўзброеных сілаў. Пачалі, як заўсёды, з карніцкіх аддзелаў. Ужо гадоў пяць як нашыўкі з абрэвіятурай “АМАП” заменены на маскоўскае — “ОМОН”. А сёлета па нашых гарадах пачалі шпацыраваць афіцэры і курсанты з нашыўкамі “Внутренние войска”. Больш ніякой згадкі пра служэньне Беларусі альбо РБ у гэтых “внутренніх” няма. Хаця цяпер усё гэта выглядае значна больш адэкватна: жандармы-грамілы, якія зьяўляюцца апірышчам антынароднага рэжыму і служаць справе маскоўскай імпэрыі, атрымалі ўрэшце адпаведную назву. Вось ім замянілі шэўроны і бляшкі, а трошкі пазьней запросяць “падзарабіць” на Каўказе.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ