КЛАПОЦЯЦЦА ПРА СВАЁ

17 траўня 2006 г. Партугальская газэта “Expresso” піша, што каралева Вялікай Брытаніі ўзнагародзіла ордэнам 97-гадовую Адэліну Пірэш. Партугальская жанчына на працягу 70 гадоў апекавалася брытанскімі могілкамі ў Лісабоне. Яшчэ ў 1937 г. яна паступіла на службу ў абслугу могілак пры англіканскім касьцёле ў партугальскай сталіцы.

Наш камэнтар: За важнымі імпэрскімі справамі лёнданскі эстэблішмэнт не забыўся пра сьціплую садоўніцу-прыбіральшчыцу, якая “на працягу дзесяцігоддзяў служыла на карысьць брытанскай абшчыны і захаваньню памяці аб брытанцах” (так напісана ў каралеўскім дэкрэце). І так брытанцы дзейнічаюць па ўсім сьвеце. Паўсюль яны клапоцяцца аб тым, каб былі дагледжаны могілкі іхных грамадзянаў і пахаваньні вайскоўцаў, помнікі іхнай культуры і дзяржаўнай прысутнасьці. Клопат ня толькі аб мёртвых. Усе вэтэраны, якія змагаліся пад камандай Брытаніі ў войнах і жывуць цяпер у розных краінах сьвету, атрымліваюць пэнсіі і ўзнагароды. Гэта ёсьць мадэль дзяржаўных паводзінаў для будучай дэмакратычнай Беларусі. Цяпер на гэта не даводзіцца спадзявацца. Антыбеларускі рэжым зьнішчае ўсё беларускае, нацыянальнае і сьвятое на нашай дзяржаўнай тэрыторыі. Ня кажам ужо пра замежжа, дзе жылі, працавалі і ваявалі, жывуць і дзейнічаюць цяпер мільёны беларусаў. Наперадзе шмат працы па захаваньні свайго.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ