ЗЬВЕСТКІ З АЗІІ

Пасьля леташняй “рэвалюцыі” супраць прэзыдэнта Акаева ў Кыргызтане нічога не зьмянілася, акрамя самога Акаева, якога Масква замяніла на новага свайго стаўленіка. 12 траўня ў Кыргызтан прыляцеў генэрал Міхайлаў, глаўком ваенна-паветраных войскаў РФ. Ён завітаў на расейскую базу ў Канце і паведаміў, што ў бліжэйшым часе расейскі кантынгент у гэтай краіне будзе павялічаны ўдвая. Вось вам і “рэвалюцыя”...

Наступным па чарзе быў прамаскоўскі прэзыдэнт Іслам Карымаў. 12 траўня ён прыехаў у “століцу нашей родіны” і паказаўся на тэлеэкранах разам з Пуціным. Той паводзіў сабе, як хан Залатой Арды з князьком, што зьявіўся да яго па ярлык на княжаньне. Пуцін сядзеў, вальяжна ўсьміхаючыся і раскінуўшы ногі, нешта “вешчал”. Але галоўнай асобай тэлемізансцэны быў чорны сабака Пуціна, які пачуваўся ўпэўнена, усіх абнюхваў (добра, што не памеціў). Хаця Карымаў недэмакратычны лідэр, але яго было шкада. Ён сядзеў з каменным тварам. Зразумела было, наколькі цяжкая роля маскоўскага сатрапа. Вядома, што сабака лічыцца нячыстай жывёлінай у мусульманскіх народаў. Калі прававерны перад намазам дакрануўся да сабакі, то рытуал і малітву трэба пачынаць нанова і г.д. Што, ня ведаў пра гэта тов. Пуцін? Ніхто з татарскіх генэралаў не падказаў яму, што нельга выпускаць сабаку перад прэзыдэнтам па імені Іслам? Усё ведаў крамлёўскі гном. Ён забаўляўся, удаваў хана, не баючыся абразіць узбэцкі народ. Ён лічыць, што згаданы народ у яго ў кішэні разам з ягоным залежным прэзыдэнтам. Высновы ў гэтым выпадку трэба рабіць узбэцкаму народу, так сама як і астатнім народам, якім Крэмль-Лубянка накідвае на шыю пятлю залежнасьці.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ