НАРОД ПАВІНЕН РЫХТАВАЦЦА ДА АБАРОНЫ БЕЛАРУСІ

13 траўня 2006 г. Латвійская газэта “Diena” піша пра апошні ўльтыматум Пуціна ў адрас Беларусі. Ён паведаміў, што ў хуткім часе ўтрая падыме кошты на газ. Латвійскія назіральнікі (і шэраг іншых заходніх СМІ) тэарэтызуюць, што гэта будзе азначаць крах для беларускай эканомікі, якая, маўляў, трымаецца на расейскай падтрымцы, як і сам рэжым Лукашэнкі. “Для Лукашэнкі настаюць цяжкія дні”. — піша латвійская газэта, зазначаючы, што Пуцін спыніць субсідыі беларускай эканоміцы. Газэта нагадвае таксама, што Расея была амаль адзінай краінай, якая прызнала апошнія выбары ў Беларусі і чарговае абраньне Лукашэнкі на прэзыдэнта, што не прызналі заходнія краіны. У абмен на саступкі Пуцін патрабуе ўключэньня Беларусі ў склад Расеі.

Наш камэнтар: Трэба, аднак, скарэктаваць высновы, зробленыя нядаўнімі савецкімі людзьмі з балтыйскай рэспублікі. Пачынаюцца цяжкія дні не для шклоўскага начальніка, а для народу Беларусі. І ня толькі. Больш глыбокая і інтэлектуальная польская аналітыка ўжо даўно вызначыла, што энэргетычныя пагрозы і ўльтыматумы Расеі ў адрас Беларусі азначаюць непасрэдную пагрозу для Польшчы. Менавіта транзітам праз Беларусь у Польшчу паступаюць з РФ энэрганосьбіты. Пачынаючы чарговую дэманстрацыю сілы супраць Беларусі, Расея замахваецца дубінай на ўсю Эўропу.

Не вытрымлівае крытыкі таксама тэзіс пра “субсідыі” беларускай эканоміцы Пуціным. Больш за мільён беларусаў працуюць рабамі ў Расеі, імпэрыя бясплатна карыстаецца нашай тэрыторыяй для транзіту, разгортвае ў нас свае ваенныя базы, зьдзяйсьняе дзікую дэмпінгавую таварную палітыку на карысьць расейскіх фірмаў, ня плоціць (або ня плоціць па адэкватных коштах) за беларускія тавары, якімі забясьпечваецца Расея і г.д — Расея рабуе і разбурае беларускую эканоміку. Беларусам ужо даўно зразумела, хто ў каго на ўтрыманьні. І вось лубянскі цар патрабуе ў свайго шклоўскага сатрапа канчаткова здаць Беларусь у расейскую імпэрыю. Вось і скончыліся ўсе інфантыльныя размовы (інспіраваныя стукацкай агентурай) аб тым, што “это смешно, мы не нужны Россіі с нашімі болячкамі, нікогда не будет об'едіненія РФ і РБ, всё это только разговоры...” Расея, галодная, агалцелая, ломіцца на Беларусь. Наш народ павінен рыхтавацца да абароны Бацькаўшчыны ад агрэсара.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ