АХВЯРНЫЯ ДЗЕЯЧЫ

11 траўня 2006. Французкая газэта “Liberation” паведамляе пра сьмерць 79-гадовага Сігеру Каяны, лідэра абшчыны айнаў у Японіі. Адзіны дэпутат-айн у парляманце Японіі, пісьменьнік, гісторык, публіцыст, Каяна ўсё жыцьцё бараніў свой народ ад асіміляцыі (япанізацыі). На выспе Хакайда жывуць больш за 100 тысячаў айнаў, прадстаўнікоў аўтахтоннага народу, які сваёй мовай, культурай і традыцыямі адрозьніваецца ад японцаў. Каяна ўсё жыцьцё заклікаў народ не цурацца сваіх імёнаў, сваёй мовы і традыцыяў (вядома, што многія айны дзеля кар'еры і шлюбу мяняюць нават свае імёны). Аўтар больш чым сотні кніг аб прыродзе Хакайда, культуры і гісторыі айнаў, Каяна стаўся сучасным апосталам народу. Ён склаў таксама найбольш поўны слоўнік мовы айнаў, стварыў народны музэй, радыёстанцыю, інтэрнэтвыданьні. Ягоную справу працягвае ягоны сын.

Наш камэнтар: Што ж, у айнаў, як і ў беларусаў — і адзін змагар перамагае. Але ў Каяны былі папярэднікі. На Хакайда стаіць помнік Пілсудскаму. Толькі не знакамітаму польскаму маршалу Юзэфу, а ягонаму старэйшаму брату Браніславу, якога цар выслаў за рэвалюцыйную дзейнасьць на Сахалін (не забудземся, як будучы маршал напісаў у турэмнай анкэце Петрапаўлаўскай крэпасьці ў графе “нацыянальнасьць” — беларус). Айны былі на грані культурнага выміраньня ўжо на пачатку 20-га стагоддзя. Браніслаў Пілсудскі зьбіраў айнскі фальклёр, зрабіў першыя публікацыі пра культуру народу, заклаў падмуркі айназнаўства. Агеньчык айнскай нацыянальнай душы не затухаў, нягледзячы на ўціск чужых (расейскага і японскага) рэжымаў. Менавіта нешматлікі нацыянальны авангард ахвярных інтэлектуалаў на працягу дзесяцігоддзяў адраджаў айнскую культуру і мову, не дапусьціў растварэньня народу ў японскім моры (у расейскім яны ўжо растварыліся). Мы яшчэ раз пераконваемся, як цяжка выжыць народу, які ня мае сваёй дзяржавы. Гэта ўрок нам, беларусам. Каб баранілі сваю незалежную дзяржаву ад чужынскай імпэрыі, каб адраджалі сваё і ганарыліся сваім.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ