АРЫШТАВАЛІ ПУШКІНА

У мястэчку Бобр, што на Крупшчыне, сёньня быў затрыманы вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. Як паведаміла Радыё Свабода яго жонка Яніна, праваахоўныя органы падазраюць мастака ў дачыненьні да пашкоджаньня помніка Герою Савецкага Саюза Васілю Чабатарову.

Опэрупаўнаважаны аддзелу контрвыведкі СМЕРШ Васіль Чабатароў загінуў у 1944 годзе ля мястэчка Бобр, дзе яму й быў усталяваны помнік. Днямі ён быў абліты невядомымі фарбай.

На старонку БС таксама прышоў ліст наступнага зьместу: “ІНФАРМАЦЫЯ

м. Бобр, 9 траўня

На 61 годзе пасьля зьмены акупацыі зь нямецкай на савецкую 9 траўня невядомымі патрыётамі у м. Бобр на помніку расейскага жаўнера-сьмершаўца, героя савецкага саюза Чабатарова былі прымацаваныя ўлёткі наступнага зьместу:

“ДАЛОЎ РУСКІХ АКУПАНТАЎ З ДЗЯРЖАЎНЫХ ПАСАДАЎ

НЕЗАЛЕЖНАЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ!"”

У доме Алеся Пушкіна, як паведаміла спадарыня Яніна, быў праведзены ператрус. Міліцыянты канфіскавалі некалькі асобнікаў друкаванай прадукцыі, сярод якой брашуры Зянона Пазьняка “Беларуска-расейская вайна” і “Прамаскоўскі рэжым”. Мастака адвезьлі на допыт у Крупскі аддзел міліцыі, дзе ён і знаходзіцца зараз.

Паводле Радыё Свабода і БС