ІРЛЯНДЫЯ, ІРЛЯНДЫЯ!

9 траўня 2006 г. Бэльгійская газэта “Het Volk” паведамляе, што ў паўночна-ірляндскім горадзе Бэлімэна памёр ад траўмаў 15-гадовы юнак Майкл Мак Ілвэн. Днямі на маладога каталіка напала на вуліцы група падлеткаў з пратэстанцкай абшчыны і па-зьверску зьбіла яго.

Наш камэнтар: Працягваецца сярэднявечны па свайму сэнсу канфлікт у Паўночнай Ірляндыі, якая існуе дагэтуль пад уладай Брытанскай імпэрыі (хаця астатняя тэрыторыя выспы Ірляндыі належыць да незалежнай Рэспублікі Ірляндыі з 1921 г.). Прачытаўшы паведамленьне пра апошнюю трагедыю, успамінаеш расповеды ірляндцаў пра падзеі жніўня 1969 года. Улетку таго года ў акупаваных брытанцамі графствах ірляндскага рэгіёну Ольстэра пачаўся магутны нацыянальна-вызвольны рух пад лёзунгам узьяднаньня з ірляндскай Айчынай. Брытанцы і іхныя прыхільнікі аказаліся зусім непадрыхтаванымі да гэтых падзеяў. Пратэстанты (прыхільнікі Брытаніі), упэўненыя, што “Лёндан за намі”, ня мелі ніякіх арганізацыяў і структураў дзеля абароны роднай імпэрыі. А вось змагарныя каталікі ўтварылі падпольную Ірляндскую Рэспубліканскую Армію, злучылі сотні тысячаў людзей у салідарным змаганьні за вызваленьне ад чужынскага імпэрыялізму. Брытанцы кінулі супраць патрыётаў спэцвойскі і паліцыю, жорстка зьбівалі мірных дэманстрантаў, зьявіліся першыя сьмяротныя ахвяры. У незалежнай Ірляндыі барацьба братоў выклікала змагарны ўздым. Па ўсёй краіне ішлі дэманстрацыі і мітынгі салідарнасьці ў імя адраджэньня адзінай Ірляндыі, народ патрабаваў ад ураду рашучых дзеяньняў. Па начах ў бок ольстэрскай мяжы пайшлі ірляндскія войскі. Дастаткова было толькі перакрочыць мяжу і пачалося б трыюмфальнае шэсьце пасярод разгубленых і дэмаралізаваных імпэрцаў. Трэба было толькі зрабіць адзін крок і завяршылася б барацьба за Айчыну многіх пакаленьняў народу. Але ўмяшалася “аб'яднаная Эўропа”, пачаліся перамовы і раздача гарантыяў. Час быў страчаны.

На працягу некалькіх месяцаў брытанскія спэцслужбы настваралі праімпэрскіх хаўрусаў, камітэтаў, асацыяцыяў, падпольных пратэстанцкіх баявых груповак і г.д. І ўсё засталося, як было. Самай галоўнай прычынай паразы была адсутнасьць ва ўрадзе Ірляндыі рашучага лідэра-патрыёта (кшталту Дэ Голя або Пілсудскага), які ня стаў бы зважаць на лямант чужынцаў, а ўзяў бы на сабе адказнасьць за наступальныя дзеяньні і сьмела павёў бы за сабой армію і народ. Але здрабнела дублінская эліта, напалохалася адказнасьці, саступіла эўрабалбатунам. І праваліла ўсё. Дагэтуль гінуць у Ольстэры маладыя ірляндскія патрыёты.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ