“ГУМАНІТАРНЫ” ГАСТРАЛЁР

10 траўня 2006 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” паведамляе пра прыгоды дэлегацыі ААН у лягярох уцекачоў. Камісар ААН па гуманітарнай дапамозе скандынаў Ян Энгелян ледзь уцёк з аднаго з лягяроў суданскіх уцекачоў, якія хаваюцца ад дзяржаўнага тэрору, наладжанага кіраўніцтвам Судану ў правінцыі Дарфур (трыста тысячаў забітых). Людзі пазналі ў перакладчыках Энгеляна супрацоўнікаў хартумскай адміністрацыі, якіх раней бачылі сярод арганізатараў рэпрэсіяў. Адзін перакладчык быў забіты натоўпам, другі ўцёк паранены.

Наш камэнтар: Яшчэ адзін правал ААН, якая ўсё больш губляе давер народаў. Цяпер гэтая арганізацыя больш вядомая сваёй грувасткай бюракратычнай машынай з легіёнамі чыноўнікаў, што атрымліваюць шалёныя ганарары. ААН на працягу шэрагу гадоў не рабіла роўна нічога, каб спыніць генацыд насельніцтва ў правінцыі Дарфур. Ня трэба зьдзіўляцца, што абяздоленыя людзі так рэзка рэагуюць на аанаўскіх чыноўнікаў і іхных паслугачоў.

Нам гэты Ян Энгелян таксама знаёмы. Ён пару разоў прыязджаў у Беларусь, падарожнічаў па раёнах, атручаных Чарнобылям. Пасьля дзяжурных спачуваньняў гэты Энгелян заўсёды пераходзіў “да справы”. Казаў, што “трэба эканамічна разьвіваць гэтыя раёны, жыць тут і глядзець у будучыню з аптымізмам”. Праўда, не паведамлялася, ці ён купіў бы дачу для сваёй сям'і дзе-небудзь пад Брагіным або Нароўляй. Паручкаўшыся з шклоўскімі чыноўнікамі чарнобыльскага ведамства, аптыміст зьязджаў у чарговы ваяж да чарговых ахвяраў. Наступным разам беларусы павінны б атачыць гэтага балбатуна разам з ягонымі гэбоўскімі перакладчыкамі. Не, біць іх ня трэба, гэта ня ў нашых традыцыях. Але ўзяць яго за шкірку ды тыцнуць носам у сьвежыя магілкі чарнобыльскіх ахвяраў, даць зьесьці хлеба з “допустімой нормой радіаціі”, а потым паслаць Кофі Анану тэлеграму, каб забіраў назад свайго “гуманітаршчыка”.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ