ТУРКІ НЕ ПРЫЗНАЮЦЦА ДА ГЕНАЦЫДУ

10 траўня 2006 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” піша пра пагрозьлівы выступ прэм'ера Турцыі Эрдагана ў адрас Францыі. Днямі парлямант Францыі разглядаў пытаньне генацыду армянскага народу ў Асманскай імпэрыі. Эрдаган прыгразіў эканамічнымі санкцыямі супраць французкіх фірмаў і прадпрыемстваў у Турцыі. Былі адкліканы ў Анкару турэцкія амбасадары ў Парыжы і Атаве (канадскі парлямант таксама разглядае гэтае пытаньне).

Наш камэнтар: Туркі ня хочуць прызнаваць факт жудаснага злачынства: забойства палутара мільёнаў армянскага насельніцтва турэцкай ваеншчынай падчас Першай сусьветнай вайны ў 1915 г. Здаецца няма ўжо даўно Асманскай імпэрыі, але ў сваёй упартасьці туркі нагадваюць маскоўцаў з іхнымі дзяржаўнымі злачынствамі. Аднак, армянскі народ не забыў свае ахвяры і ня выбачыў катам. Армянская дзяржава і шматлікая армянская дыяспара ва ўсім сьвеце патрабуюць прызнаньня факту масавага забойства і прыцягненьня да адказнасьці турэцкай дзяржавы (прыклад для нас, для беларусаў). Туркі супраціўляюцца, а эўрапалітыкам трэба было б задумацца, што за “эўрапейскую” краіну яны зьбіраюцца ўключаць у свой Эўразьвяз.

Акрамя непрызнаньня генацыду армянаў, Турцыя з вырабленай жорсткасьцю вядзе вайну на сваёй тэрыторыі супраць курдскай абшчыны, забіваючы і катуючы тысячы людзей, адмаўляючы права народу на сваю мову і культуру. У той жа час тыя ж брусэльскія мудрацы рэгулярна заяўляюць, што “Украіна ніколі ня будзе прынята ў Эўразьвяз”. Для іх сапраўды эўрапейская Украіна больш чужая, чым краіна азіяцкай культуры і мэнтальнасьці — Турцыя. Падкупленая Масквой эўраэліта блытае насельніцтва нашага кантынэнту, выконвае чужую волю. Але ёсьць яшчэ адзін важны чыньнік такіх паводзінаў. Брусэльскае чынавенства баіцца, што вакол моцных эўрапейскіх краінаў — Украіны, Польшчы, Беларусі (вызваленай ад прамаскоўскай дыктатуры) — у будучыні згуртуюцца народы Цэнтральнай Эўропы, якія ўжо не дазволяць камандаваць сабой з Брусэля і Масквы. Баіцца гэтага ў першую чаргу Нямеччына, якая дамінуе ў эўраструктурах. Усімі намаганьнямі германцы спрабуюць спыніць працэсы адыходу постсавецкіх краінаў ад маскоўскага монстру, спрабуюць паставіць заслон на шляху ў Эўропу для ўкраінцаў, беларусаў, малдаванаў. А замест нас хочуць увапхнуць у эўракампанію каго заўгона, хоць бы Турцыю. Скрыўленая гэта палітыка пад фальшывае разважаньне пра “эўрапейскае адзінства” ды “агульную дэмакратыю”. Палітыка, якой наканаваны правал, бо не дзеля таго нашы народы вызваляліся, каб зноў вяртацца ў маскоўскае імпэрскае рабства.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ