ЛЮДЗІ БЯЗ ГОНАРУ

Культурны чалавек, які паважае сябе і дбае пра добрае сваё імя, не гаворыць няпраўду. Хлусьлівасьць — прыкмета плебейства, нізкіх людзей. Нізкі чалавек ніколі ня будзе раскайвацца ў хлусьні ці прасіць прабачэньня, калі схлусіў незнарок, бо ня лічыць няпраўду заганай.

6-га красавіка газэта “Народная Воля” надрукавала пра мяне заведама ілжывы матэрыял пад псэўданімам нейкага (ці “нейкай”) Алег Сноў.

Гэты непраўдзівы матэрыял быў падрыхтаваны раней журналістам зь Белапан і зьмешчаны ў Сеціве. Але на другі ж дзень пасьля высьвятленьня што інфармацыя непраўдзівая, Белапан зьмясьціла абвяржэньне і прынесла прабачэньні. Рэдактар “Народнай Волі” ня мог гэтага ня ведаць і ня чытаць. Тым ня менш ён як ні ў чым ні бывала друкуе фальшыўку.

Можна, аднак, дапусьціць што рэдактар у нечым памыліўся. І таму на імя сп. Сярэдзіча мной быў напісаны кароткі ліст з дадаткам абвяржэньня ад Белапан.

Мінуў месяц. “Ні атвета ні прывета”. І гэтыя людцы яшчэ нешта спрабуюць пісаць пра культуру, Эўропу, цывілізаванасьць, крытыкуюць хамства рэжыму, хоць самы ні на крок не адышлі ад ягоных хамаватых звычак і саўковых паводзінаў.

Шчыра кажучы, я не чакаў, што са мной гэтак сябе паставяць. Аказваецца можна. Хаця тут справа не ў палітыцы, не ў пазыцыях, а ў элемэнтарнай прыстойнасьці. Але, відаць, Бог ня даў. Людзі бяз гонару. Куды там у Эўропу з такім багажом, спадары! У Эўропе і ў Амэрыцы на кожным кроку дзякуюць, усьміхаюцца і просяць прабачэньня.

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадатак: Ліст і матэрыялы адасланыя ў “Народную Волю”:

І. П. Сярэдзічу

Паважаны Іосіф Паўлавіч, 29-га сакавіка на сайце БЕЛАПАН “Навіны” была зьмешчаная скандальная і фантастычная інфармацыя аб тым нібыта Зянон Пазьняк спадзяецца на гарантыі вяртаньня на Беларусь ад Пуціна і Лукашэнкі. У сувязі са скандалам кіраўніку БЕЛАПАН спадару Алесю Ліпаю быў накіраваны ліст наступнага зьместу:

“Ні пра якія гарантыі вяртаньня ад Пуціна і Лукашэнкі я не казаў сёньня ў інтэрв'ю М. Гаравому (Белапан). У размове не было ўвогуле ўжыта слова “Пуцін”.

З павагай З. Пазьняк. 29.03.2006.

Кіраўніцтва БЕЛАПАН праверыла інфармацыю журналіста і 30-га сакавіка зьмясьціла на сайце абвяржэньне свайго ранейшага непраўдзівага паведамленьня і прынесла мне афіцыйныя прабачэньні. (Тэкст абвяржэньня і прабачэньня БЕЛАПАН і вытрымку зь ліста А. Ліпая дасылаю.)

Праз тыдзень, 6 — га красавіка, “Народная Воля” (аўтар Алег Сноў) перадрукоўвае для сваіх чытачоў непраўдзівы скандальны матэрыял БЕЛАПАН ад 29-га сакавіка, быццам бы ня ведаючы пра абвяржэньне і прабачэньне.

Пакідаю на сумленьні газэты рытарычнае пытаньне як называюцца такія паводзіны. Але патрабую ад вас неадкладнага афіцыйнага абвяржэньня і прабачэньня перад чытачамі.

З горыччу Зянон Пазьняк

10-га красавіка 2006 г.

Д а д а т а к 1:

30/03/2006 10:40

З. ПОЗНЯК ОПРОВЕРГАЕТ ИНФОРМАЦИЮ О ТОМ, ЧТО ТРЕБУЕТ ГАРАНТИИ ОТ В. ПУТИНА И А. ЛУКАШЕНКО

Минск, 30 марта. Председатель Консервативно-Христианской партии — БНФ (КХП-БНФ) Зенон Позняк опровергает информацию о том, что он связывает свое возвращение в Беларусь с гарантиями личной безопасности от Владимира Путина и Александра Лукашенко.

Несколько дней назад представители белорусской интеллигенции обратились к З. Позняку, который находится в эмиграции с весны 1996 года, с предложением вернуться на родину. Напомним, З. Позняк участвовал в нынешней президентской кампании. Его инициативная группа собирала подписи за выдвижение лидера КХП-БНФ кандидатом в президенты Беларуси.

29 марта в интервью БелаПАН З. Позняк назвал "бессмысленными" все обращенные к нему призывы о возвращении в Беларусь, "так как то, что понимают сознательные белорусы, по-своему понимают Лубянка и Лукашенко". "Так что по этому вопросу надо обращаться не ко мне, а к руководству России и Беларуси", — подчеркнул З. Позняк.

Корреспондент БелаПАН ошибочно трактовал эти слова как апелляцию к гарантиям личной безопасности от В. Путина и А. Лукашенко.

БелаПАН приносит свои извинения З. Позняку.

Д а д а т а к 2 :

(Вытрымка зь ліста у адказ)

————— Forwarded message —————

From: Алесь Липай

Date: Mar 30, 2006 10:00 AM

Subject: Ad A. Lipaya

- Hide quoted text -

Паважаны Зянон Станіслававіч!

Прыміце мае асабістыя і ад усяго БелаПАНу прабачэньні з нагоды заметкі Марата Гаравога, якая была распаўсюджаная па каналах нашай інфармацыйнай агенцыі.

Пасьля размовы з Гаравым мне падалося, што памылка зробленая ім не наўмысна, а з прычыны непрафесійнасьці, з-за таго, што ён узяў на сябе сьмеласьць тлумачыць выказваньні суразмоўцы і рабіць уласныя высновы. Ва ўсялякім разе, яму заяўлена пра недапушчальнасьць такога падыходу.

Абвяржэньне заметкі Гаравога ўжо выстаўленае ў нашую інфармацыйную ленту, а таксама ў рубрыку "Выбары" інтэрнэт-газеты www.naviny.by

З павагай,

Алесь Ліпай,

БелаПАН