ТОДАР КЛЯШТОРНЫ
(11.3.1903, в. Парэчча (цяпер Лепельскі раён) — 30.10.1937, Менск)
Ці ведаеце вы краіну, дзе быць пісьменьнікам азначала б у вачах улады ўжо быць небясьпечным злачынцам, вартым самага жорсткага пакараньня? Гэтая краіна, магчыма адзіная ў сьвеце, — Беларусь. Толькі ня трэба казаць, што я згушчаю фарбы: маўляў, хоць Саюз беларускіх пісьменьнікаў і ліквідоўваюць, самім жа літаратарам, адрозна ад палітыкаў, гэта пакуль не пагражае. Ну хіба што пасадзяць на год-два ці змусяць зьехаць за мяжу.
Але сёньня мы гаворым пра часы прамінулыя, якія, што праўда, маюць у нас уласьцівасьць паўтарацца ня толькі ў выглядзе камэдыі.
29 кастрычніка 1937-га, ці ня ў гонар Дня беларускага камсамолу, каты з чырвонымі зорачкамі на “фуражках” расстралялі ў Менску 22 літаратараў. У наступную ноч сьпіс ахвяраў папоўніўся новымі імёнамі, сярод якіх апынуўся паэт Тодар Кляшторны.
Ён ня быў антысаветчыкам, але меў сьхільнасьць да імпрэсіянізму, што і ўратавала ягоную паэзію ад сумна вядомай “пралеткультаўшчыны”. Апрача таго, на творчым рахунку Кляшторнага была паэма “Калі асядае муць”, на якую жорстка нападалі цэрберы вульгарна-сацыялягічнай крытыкі.
Пасьля сьмерці паэта яго жонку з 4-хмесяцавай малодшай дачкой Маяй адправілі ў Акмолінскі канцлягер, а старэйшых дзяцей — у дзіцячы дом.
Кляшторнага рэабілітавалі ў 1957-м, але і ў 1970-я рэдактары й цэнзары працягвалі шукаць у яго вершах крамольныя падкопы.
Уладзімер Арлоў, радыё “Свабода”