ПОЛЬШЧА БАРОНІЦЦА
1 траўня 2006 г. Нямецкая газэта “Der Spiegel” піша пра выступ міністра абароны Польшчы Радэка Сікорскага ў Брусэлі. Міністар заявіў, што апошняя нямецка-расейская дамова аб пабудове газаправоду пад вадой Балтыйскага мора ў абыход Польшчы нагадвае палітычныя дамоўленасьці з часу перад Другой сусьветнай вайной, калі з Польшчай не лічыліся. “Мы вельмі адчувальныя да справы калідораў і калі Усход Эўропы трактуюць інакш, чым Захад. — сказаў Сікорскі. — Гэта нагадвае Лакарна і пакт Молатава-Рыбэнтропа. Гэта 20-е стагоддзе”. Міністар згадаў, што канцлерка Мэркель запрапанавала Польшчы кансультацыі па газаправодзе, але папярэдзіла, што немцы ня будуць нічога мяняць у праекце. Сікорскі адрэагаваў на гэта: “Спачатку прымаюць рашэньне, а потым прапануюць кансультацыі. Не такое ў нас ўяўленьне аб эўрапейскай салідарнасьці. Мы зьдзіўлены, што Нямеччына йдзе на справу, якая азначае страты для нямецкага насельніцтва (менавіта Нямеччына аплочвае шэсьць мільярдаў эўра на пабудову газаправоду), а з другога боку гэтая справа гэапалітычна накіравана супраць Польшчы”. Газэта згадвае, што гэтае пагадненьне распрацавалі і падпісалі яшчэ Пуцін і Шродэр. Апошні будзе цяпер кіраваць новай газавай структурай. Міністар Сікорскі выказаў пратэст супраць таго, што Нямеччына, падтрымліваючы расейскі інтэрэс, адсоўвае ад энэргетычнага забеспячэньня Польшчу і Беларусь.
Наш камэнтар: Даведаўшыся пра апошні пакт Мэркель-Пуціна, заключаны ў сібірскім Томску, беларускія патрыёты прышлі да высновы, што з усяе эўрапейскай кампаніі толькі Польшча будзе бараніцца ад драпежніцкага хаўрусу маскоўцаў-бэрлінцаў. Мы не памыліліся. Пакуль астатнія камфортна сьпяць у шапку, менавіта польскія палітыкі займаюць пазыцыю абароны нацыянальных інтарэсаў і робяць адэкватныя ацэнкі і заявы. Уяўляем сабе, як зашыкаюць на патрыёта Сікорскага даўно скупленыя Масквой эўрабюракраты.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ