ЦЯПЕРАШНІЯ ДЫЯЛЁГІ

Алегу Граблеўскаму далі 10 сутак. У Воршы з двума дзецьмі засталася жонка Алега Алеся.

Граблеўская: “Як заходзіла ў бугальтэрыю плаціць грошы за свайго вязьня, дык выйшаў мужчына, каб абвестку нам нейкую зрабіць, і пытаецца: “Хто ў вас сядзіць?” Кажу: “Муж”. А ён: “Дык як жа вы яго адпусьцілі? А самі што?” “Сама, — кажу, — зь дзецьмі сяджу, двое дзяцей на руках”. Пытаецца: “А каб ня дзеці, таксама б паехалі?” “Канечне!” — адказваю. Ён так паглядзеў на мяне, і ў вачох чыталася: “Ну, канец гэтаму рэжыму, неўзабаве нешта зьменіцца!”

***

Скобла: “Жыць па хлусьні становіцца нормаю?”

Дынько: “Гэта вядзецца яшчэ з часу савецкага. Тады існавалі падвойныя стандарты, падвойная мараль: адно гаварылася, другое рабілася. Цяпер гэта вяртаецца. Хлусьня ўядаецца ў людзей, пачынаючы са школы. Гадуецца цэлае пакаленьне маральных вычварэнцаў. Гэта страшна. Гэта можа нас надоўга аддзяліць ад цывілізаванага сьвету”.

Скобла: “Наша Ніва” не пагражае дзяржаўнаму ладу. Дык навошта вас зачыняць?”

Дынько: “А ўлада проста ня можа іначай. Часам мне здаецца, што ў яе ідэолягаў ёсьць нейкая садысцкая нянавісьць да беларускай культуры. Прычым на рэфлекторным узроўні. Праляскоўскі нядаўна заявіў, што ў Беларусі трэба пабудаваць карпаратыўную дзяржаву. Карпаратыўная дзяржава — гэта дзяржава фашысцкага тыпу, дзе ўладу ўтрымлівае вузкае кола людзей, маніпулюючы грамадзкай сьвядомасьцю. Карпаратыўныя дзяржавы існавалі ў Італіі пры Мусаліні, у Партугаліі пры Салязару, у Гішпаніі пры Франка. І Беларусь пачынае нагадваць карпаратыўную дзяржаву. Паглядзіце на Палату прадстаўнікоў — каго яны прадстаўляюць, як яны галасуюць? І ў Італіі падобнае было: частка дэпутатаў ад адзінай агульнанацыянальнай маладзёвай арганізацыі, частка — ад адзінага нацыянальнага прафсаюзу, частка — ад фашысцкага саюзу пісьменьнікаў, частка — ад фашысцкага саюзу мастакоў і г.д.

(Паводле радыё “Свабода”)