УКРАІНА ГЛЯДЗІЦЬ У БУДУЧЫНЮ

27 красавіка 2006 г. Латвійская газэта “Diena” публікуе артыкул пад тытулам “Буш прысьпешвае прыём Украіны ў НАТО. Латвія падтрымлівае гэтае рашэньне”. Цытуем артыкул: “Кіраўніцтва ЗША заявіла, што зробіць усё, каб Украіна і НАТО дамовіліся аб пляне ўступленьня новай краіны ў арганізацыю яшчэ да саміту НАТО, які мае адбыцца ў Рызе ў лістападзе сёлета. ЗША такім чынам падтрымліваюць вынікі дэмакратычнай “аранжавай рэвалюцыі” 2004-05 гг. Усё гэта робіцца насуперак супраціву Масквы, якая не жадае далучэньня постсавецкіх краінаў да заходніх арганізацыяў.

Наш камэнтар: Маскоўскі “барін” можа супраціўляцца і пагражаць колькі заўгодна. Ён, мабыць, забыўся, што прыгон ужо скончыўся, а былыя нявольнікі абзавяліся сваімі дзяржаўнымі гаспадаркамі і ня хочуць ужо адбываць аброк на крамлёўскага фэадала. Да таго ж былыя крэпакі час ад часу дэманструюць узаемную падтрымку і салідарнасьць нядаўніх вязьняў, якія вырваліся з расейскага канцлягеру. Правал нахабнай маскоўскай экспансіі супраць Украіны ў выніку народнай рэвалюцыі ў 2004-05 набывае ўсё больш выразныя і ўнівэрсальныя кшталты. Паводле Канстытуцыі, украінскія ўлады загналі пад лаўку правакатараў-губэрнатараў, якія кучкаваліся вакол падстаўнога крымінальніка Януковіча і пад камандай Масквы зьбіраліся ўтварыць нейкую “федерацію русскіх областей” на ўсходзе Украіны. Украінскае школьніцтва канчаткова навяртаецца на дзяржаўную мову і культуру. Цяпер чарга за украінскай арміяй, якая 15 гадоў пасьля вызваленьня ад імпэрыі яшчэ даношвае расейскую кірзу і парцянкі.

Першымі зразумеў розьніцу паміж НАТО і маскоўскім ваенным блёкам менавіта ўкраінскі афіцэрскі корпус. Давайце і мы параўнаем пэрспэктывы. Ужо цяпер украінскія камандзёры ўсіх узроўняў актыўна вывучаюць замежныя мовы, якія ў хуткім часе спатрэбяцца ім для выкананьня абавязкаў і для значна больш цывілізаванага чалавечага існаваньня (беларускае афіцэрства павінна й надалей карыстацца расейшчынай пад камандай маскоўскіх гастралёраў). Украінцы паедуць на манэўры НАТО ў Грэцыю, Нарвэгію, Францыю, Італію (беларускія вайскоўцы паедуць на “совместные ученія” у Сібір, Запаляр'е, у лепшым выпадку на Кубань). Украінцаў прыязна сустрэне насельніцтва краінаў і калегі з эўрапейскіх арміяў; акрамя сумеснай працы на сучасьнейшай тэхніцы будуць сяброўскія сустрэчы, банкеты, культурная праграма — такая эўрапейская традыцыя (беларусам ужо знаёмыя “традіціі русского гостепріімства” — бруд, хамства, мат, прымітыўнае пьянства, непавага да “бульбашей”, расейская галеча, ад якой у спачувальнага беларуса шчыміць сэрца). У адпачынак эўрапейскія вайскоўцы едуць на прэстыжовыя курорты, цяпер яны сустрэнуцца там і пасябруюць з семьямі сваіх украінскіх калегаў (беларусам туды дарога закрыта ды й грошай няма). Нагадаем таксама пра агульныя стандарты НАТО: высокія заробкі вайскоўцаў, сацыяльныя гарантыі (калі хаця б адзін прапаршчык вымушаны будзе жыць з сямьёй на чужой кватэры, Украіну ня прымуць у НАТО), адпаведную ўніформу і экіпіроўку (урэшце настане канец кірзе і парцянкам). Нашаму народу, нашым вайскоўцам імпэрыя прапануе “зашчішчать грудью” Маскву. Каляніялісты ў адкрытую кажуць, што далучаць нашу краіну да Расеі, а нашу армію да расейскага войска. Беларусам трэба асэнсаваць гэтую сьмяротную небясьпеку, убачыць розьніцу паміж пэрспэктывай эўрапейскай цывілізацыі і вяртаньнем у савецкі жах мінуўшчыны.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ