НА ЎСХОДНІМ ТЭАТРЫ БЕЗ ПЕРАМЕНАЎ

27 красавіка 2006 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” паведамляе пра сустрэчу ў Тэгеране кіраўніцтва Ірана і прэзыдэнта Судана Амара аль-Башыра. Падчас сустрэчы рэлігійны лідэр Ірана аятала Алі Хамэнэі патлумачыў суданскаму госьцю, што распрацоўка іранскай атамнай праграмы — “гэта для ўсяго ісламскага сьвету”. Аятала паабяцаў падзяліцца з Суданам і іншымі калегамі атамнай магутнасьцю. Нарвэжская газэта нагадвае, што атамны завод у Іране будуе для аяталы Расея.

Наш камэнтар: У той жа дзень расейскія тэлеканалы паказалі трыюмфальны старт ракеты з ракетадрому ў Амурскай вобласьці. У закадравым камэнтары яны патлумачылі, што адбыўся запуск ізраільскага спадарожніка “Эрас”. Сярод іншага “спадарожнік будзе сачыць за іранскімі ракетамі, накіраванымі на Ізраіль”.

Цікавая лёгіка маскоўскіх “друзей всех народов”. Запушчаны Масквой спадарожнік будзе сачыць на карысьць Ізраіля за ракетамі, якімі тая ж Масква забясьпечыла Іран (кіраўніцтва якога заявіла, што “Ізраіль павінен быць зьнішчаны”). Усё гэта нагадвае антрэпрызу адэсіта Жванецкага або адэскую клясыку з Дзярыбасаўскай. Але ж тут не да сатыры і не да гумару. Неяк беларускімі мазгамі мы такую “мір і дружбу” не разумеем. Цяпер што тычыцца Судану. У гэтай краіне ўжо на працягу дзесяцігоддзяў ідзе зьнішчальная грамадзянская вайна. З суданскай правінцыі Дарфур уцяклі ад сьмерці сотні тысячаў людзей. Суданскія войскі зьнішчаюць сваіх жа грамадзянаў, гэта дзяржаўная палітыка. Заходні сьвет называе Судан адной з краінаў, дзе базуюцца дзеячы міжнароднага тэрарызму. І вось такому рэжыму Іран зьбіраецца перадаваць свае атамныя напрацоўкі (зробленыя пры актыўнай падтрымцы Масквы). Атрымліваецца закнёнае кола атамнага злачынства, галоўным элемэнтам якога ёсьць пуцінская палітыка. Пакуль ня позна, цывілізаваны сьвет павінен спыніць крамлёўцаў і іхных экзатычных хаўрусьнікаў.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ