ЧАРНОБЫЛЬ — АКЦЫЯ ПАМЯЦІ І ПРАТЭСТУ
26 красавіка ў Курапаты прышлі сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Яны сабраліся на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу “Лес Крыжоў”, каб у дзень 20-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы пакланіцца памяці ахвяраў нашага народу. “Чарнобыль = генацыд = Курапаты” — такі быў дэвіз мэмарыяльных мерапрыемстваў. Над грамадой луналі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя сьцягі. Людзі трымалі ў руках транспаранты “Чарнобыльская трагедыя — вынік злачыннай палітыкі Крамля” і “Не забудзем ахвяраў расейскага імпэрыялізму!” Людзі прыбралі магілы, усклалі да крыжоў кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічы, сабраліся каля Крыжа Пакутаў. Засьпявалі гімн “Магутны Божа”.
Сакратар Управы Фронту і Партыі Валеры Буйвал зачытаў зварот Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ “Змагаймася з Чарнобыльскім генацыдам”. Потым ён зьвярнуўся да грамады: “Чарнобыльская катастрофа падзяліла жыцьцё нашага народу на дзьве часткі — да і пасьля Чарнобыля. Злачынны рэжым расейскай акупацыі з першых дзён пасьля катастрофы груба падманваў людзей. Масква мурам хлусьні адгарадзіла наш народ ад цывілізаванага сьвету. Яшчэ раз імпэрыя паказала сваю чалавеканенавісьніцкую і богапраціўную сутнасьць. Але чарнобыльская бяда сталася той рысай, за якой ня было ўжо веры акупантам-маскоўцам. Наш народ, кінуты ў няшчасьці, пачаў асэнсоўваць, што гарантыяй нармальнага чалавечага, нацыянальнага і сацыяльнага жыцьця ёсьць свая, беларуская, незалежная Дзяржава”.
Адказны сакратар Управы Фронту і Партыі Алесь Чахольскі адразу пасьля Чарнобыльскай катастрофы ўдзельнічаў разам са сваёй вайсковай часткай ў працах па дапамозе пацярпеламу насельніцтву ў 1986 годзе. Ён сказаў: “Мы хацелі ўсёй душой дапамагчы нашаму народу ў ягонай бядзе. Працавалі, не зважаючы на небясьпеку ў атручаных раёнах Беларусі. Але ж усе маглі пераканацца ў злачыннасьці маскоўскага імпэрскага рэжыму, які не ратаваў, не адсяляў людзей, а прымушаў рабіць бязглуздую “ліквідацыю” і “дэзактывацыю”. А трэба было адразу адсяляць людзей, ратаваць дзяцей. Колькі такіх момантаў было за стагоддзі расейскай акупацыі Беларусі — безьліч, уся гісторыя расейскага валадараньня тут ёсьць злачынствам. Расейскія акупанты забівалі нашых беларусаў тут у Курапатаў, потым у Другую сусьветную вайну пасылалі непадрыхтаваную беларускую моладзь па камандзе Жукава ў бязглуздыя атакі бяз зброі на верную сьмерць. Так жа сама яны зьнішчалі нашу моладзь варварскім экспэрымэнтам пасьля Чарнобыльскай катастрофы. І вось паўстала сёньняшняя беларуская моладзь, якая ня хоча больш жыць пад акупацыяй варварскай Масквы. Нашы юнакі і дзяўчаты даюць нам прыклад мужнага змаганьня за свабоду Бацькаўшчыны. У гэтым ёсьць сьветлая надзея і будучыня Беларусі”.
Выступіў таксама Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні на Беларусі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ: “Масква, уся акупанцкая ўлада і яе структуры маўчалі пра сапраўдныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы. І цяпер антыбеларускі рэжым заяўляе народу, што наступствы, маўляў, ужо пераадолены, што на атручаных землях трэба жыць і працаваць. Гэта ёсьць злачынная хлусьня. Толькі беларуская ўлада, толькі незалежная Беларуская Дзяржава могуць аказаць сапраўдную дапамогу нашаму народу, выратаваць нашых дзяцей. Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка яшчэ на прыканцы 1980-х гадоў распрацаваў канцэпцыю выратаваньня нашых людзей. Трэба высяляць людзей (высяляць кампактна, а не раскідваць па розных месцах) з пацярпелых раёнаў, дзе нельга жыць і дзе няма будучыні для дзяцей. Трэба лячыць людзей, а не праводзіць над імі экспэрымэнты. Чарнобыль, расейская акупацыя, сталіншчына, русіфікацыя нашага грамадзтва, прыніжэньне беларускай мовы і культуры — гэта злачынствы аднаго кшталту. Хіба тварыліся б на нашай зямлі такія злачынныя справы, калі б усе беларусы мелі нацыянальную годнасьць і гонар, размаўлялі па-беларуску, калі б была сапраўдная вольная беларуская Дзяржава? Цяпер у дзяржаўнай адміністрацыі, на вышэйшых пасадах у войску — большасьць расейскія асаднікі. Што, яны будуць ратаваць наш народ?! Ня будуць! Таму патрэбная Народная Салідарнасьць усіх беларусаў. Каб ня было гэтага шалёнага рэжыму. Каб выратаваць нашых дзяцей”.
Людзі маліліся, сьпявалі гімн “Магутны Божа”.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
26 красавіка 2006 г.