НЕМЦЫ ПАЕХАЛІ ДАМАЎЛЯЦЦА З ПУЦІНЫМ

26 красавіка 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” распавядае пра мэмарыяльныя чарнобыльскія мерапрыемствы ў Украіне. Прэзыдэнт Віктар Юшчанка разам з іншымі кіраўнікамі дзяржавы прыняў удзел у багаслужбе ў цэнтры Кіева перад мэмарыялам ахвярам катастрофы. Удзень ён наведае саму станцыю і бліжэйшыя раёны. У Расеі па-свойму “сьвяткавалі” 20-я ўгодкі. Напярэдадні, 25 красавіка Пуцін раздаў у Крамлі мэдалькі навукоўцам і ліквідатарам, іграла бравурная музыка, пілі шампан. А 26 красавіка Пуцін прыляцеў у Томск, дзе мае адбыцца ягоная сустрэча з немкай Мэркэль і ўсім нямецкім урадам. Будуць абмяркоўваць “энэргетычную палітыку”.

Наш камэнтар: Пра шклоўскага “прэзыдэнта” газэта нават ня згадвае. Паведамляе толькі, што ў менскім аэрапорце і на берасьцейскай мяжы ўлады РБ затрымалі і не пусьцілі ў Беларусь дзьве групы польскіх журналістаў, якія меліся рабіць рэпартаж з мэмарыяльных мерапрыемстваў у Менску. Што да расейскіх “сьвяткаваньняў”, то зразумела: Крэмль-Лубянка падкрэсьліваюць — мы ня маем дачыненьня да чарнобыльскай праблемы, нас не датычыцца. Зразумела, што “не датычыцца” таксама й нямецкіх сябручкоў. У поўным складзе (!!!) бэрлінскі эстэблішмэнт накіроўваецца “на дыван” да цара, каб вымаліць у яго далейшай падачы газу-нафты ў свой рэйх. Мяняецца дзяржаўнае кіраўніцтва Нямеччыны, пад сьвіст і гіканьне зусім нядаўна разгортваецца скандал з маскоўскім васалам Шродэрам, увесь Захад сутаргава шукае альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі пасьля сёлетняй газавай вайны і ўльтыматумаў Расеі. А ў Бэрліне ўсё па-старому — “бьюць челом” крамлёўскаму султану. У сібірскім горадзе два драпежнікі зноў будуць дзяліць Эўропу, сьціраць з мапы Беларусь і іншыя краіны. Новы “пакт Молатава-Рыбэнтропа”, толькі цяпер фюрэры не хаваюцца за плячыма сваіх намесьнікаў. Сымвалічна-злавесна, што заключацца гэтая змова супраць народаў будзе ў Дзень Чарнобыльскай бяды.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ