ЖЫЦЬЦЁ Ў ПЕРАВЕРНУТЫМ СЬВЕЦЕ
26 красавіка 2006 г. Брытанская газэта “Guardian” паведамляе, што за апошнія сем гадоў брытанскія ўлады выпусьцілі з турмы больш за тысячу небясьпечных злачынцаў, якія не адбылі да канца тэрміну пакараньня (сярод іх забойцы, гвалтаўнікі, пэдафілы). Меркавалася выслаць іх у іхныя краіны. Але нават фармальна ім не паведамілі пра тэрмін высылкі. У выніку толькі 107 з іх былі ўрэшце рэшт дэпартаваны з краіны. Больш за 900 злачынцаў зьніклі і працягваюць сваё існаваньне на тэрыторыі Брытаніі. Міністар унутраных справаў Кларк прызнаў, што “гэта ёсьць шакіруючы адміністрацыйны правал”.
Наш камэнтар: Цікава, што ўлады ніяк ня могуць патлумачыць грамадзтву, чаму так усё атрымалася. У Брытаніі раскручваецца скандал. Палітыкі, журналісты, мільёны грамадзянаў нагадваюць, што абавязак абранага ўраду ў тым, каб абараняць грамадзтва ад злачынцаў. Падобна, што за барацьбой за правы рознага кшталту збачэнцаў, рознага кшталту сацыяльных меншасьцяў, за легендарнымі “правамі чалавека” заходнія ўрады і грамадзтвы згубілі элемэнтарны кантакт з рэчаіснасьцю. “Правы чалавека” сталіся правамі забойцы і гвалтаўніка (а калі ён афрыканец або азіят, то дадаюцца яшчэ й правы “угнетённых народов”). Жыцьцёвая лёгіка стала дагары нагамі і даволі доўга працягвае існаваць менавіта так у заходніх краінах. Нармальнаму чалавеку, які раптам сутыкаецца з гэтым, цяжка ўсё гэта зразумець. Правы нацыі, правы карэннага народу на сваю бясьпечную тэрыторыю, на свой нацыянальны дом на працягу дзесяцігоддзяў былі адсунуты сацыялістычна-лібэральнымі кіраўнікамі Эўропы як нейкая “непатрэбшчына”. Цяпер ніхто ня хоча браць на сабе адказнасьць за абсурдныя дзеяньні лібэральнай дзяржавы. Паступова, аднак, эўрапейцы пачынаюць разумець, што выправіць становішча можа толькі нацыяналістычны ўрад, для якога прыярытэтам будуць не збачэнцы Садома і Гаморы, а свой уласны народ.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ