ЗМАГАЙМАСЯ З ЧАРНОБЫЛЬСКІМ ГЕНАЦЫДАМ
Дарагія землякі, паважаныя сябры фронтаўцы! Сёньня мы адзначаем у памяці 20-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы. Наш лёзунг: “Чарнобыль=генацыд=Курапаты”.
Дзеяньні генацыду пачаліся адразу пасьля ўзрыву рэактара, калі Масква, засакрэціла катастрофу, не паведаміла насельніцтву і не зрабіла ніякіх захадаў па засьцерагальнай прафілактыцы людзей і найперш дзяцей.
Другое злачыннае дзеяньне Масквы — гэта растрэл з самалётаў радыёактыўных хмараў над Магілёўскай вобласьцю, якія маглі б пры зьмене ветру, як думалі маскоўцы, паплысьці ў Расею. Вецер увесь час дзьмуў тады на поўнач. І тым ня менш расейцы пасадзілі атамныя хмары проста на галовы беларусаў.
Новы этап пэрманэнтнага атамнага генацыду пачаўся з 1994 года з усталяваньнем прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. Рэжым ліквідаваў дапамогу чарнобыльцам, пачаў вытворчасьць прадуктаў на забруджаных тэрыторыях і засяленьне радыёактыўных зонаў, пасылае туды на працу маладых спэцыялістаў.
Сімптаматычна, што адначасна з усталяваньнем на Беларусі прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі ў 1994 годзе, пачалося выміраньне беларускага насельніцтва. У сярэднім колькасьць беларусаў зьмяншаецца на 50 тысячаў у год. За гэты час мы страцілі ўжо больш за паўмільёна насельніцтва. А цяпер палічым. За няпоўных пяць гадоў (з 1937 па чэрвень 1941 год) рускія бальшавікі растралялі ў Курапатах ад 200 да 250 тысячаў беларусаў.
Параўнаем з паўмільёна страчаных за 11 гадоў гэбізму-лукашызму і ўбачым, што беларуская нацыя нясе тыя ж страты людзей за год, як і ў часы курапацкіх растрэлаў.
Вось што рэальна азначае “Чарнобыль=генацыд=Курапаты”. Той жа сэнс — вынішчэньне беларусаў і нават тая ж колькасьць ахвяр.
Як практычна змагацца з чарнобыльскім радыяцыйным вынішчэньнем, мы ведаем. Але нічога ня можа быць зроблена і дасягнута, пакуль існуе прамаскоўскі рэжым, які праводзіць чарнобыльскі генацыд.
Нашыя задачы. Найперш неабходнае пашырэньне інфармацыі пра Чарнобыль у Беларусі сярод беларускага насельніцтва. Але галоўнае — трэба ліквідаваць незаконны прамаскоўскі рэжым, які працягвае чарнобыльскае зьнішчэньне. Гэтай неабходнасьці беларусам, каб выжыць, трэба пасьвяціць сваю дзейнасьць, працу і змаганьне. Будьма ж заўсёды дзейныя і гатовыя пастаяць за Бацькаўшчыну і за сябе.
Зянон Пазьняк
26 красавіка 2006 г.