ВЯЛІКДЗЕНЬ У РПЦ

23 красавіка РПЦ сьвяткавала Вялікдзень. Усё было, як заўсёды. Кінуліся ў вочы і вушы некаторыя тыповыя аспэкты палітыкі “нашей православной організаціі” (цытата з Лукашэнкі). У маскоўскім “саборы Лужкова спасітеля” Жырыноўскі хадзіў сярод паствы і навязьліва раздаваў направа і налева рэклямныя буклеты сваёй партыі. Ня менш “чуділі” і каля іканастасу. Тамака на манер згаданага “лідера РБ” сталі плячыма да абразоў Пуцін, Фрадкоў і яшчэ нехта (усе ў чорных касьцюмах са сьвечкамі). Да іх са “справаздачай” зьвярнуўся патрыярх РПЦ Алексій. Ён распавёў, як раніцай езьдзіў па парафіях і што ўбачыў там. Нешта мы ня памятаем, каб такі абсурдны “партійно-хозяйственный актів” быў прапісаны ў нейкіх трэбніках і часасловах. Пасьля “актіва” Пуцін затушыў пальцам сьвечку і пайшоў разам з чорнымі касьцюмамі да нейкага чорнага выйсьця. Тэлеканалы паказалі таксама “самы важны фрагмэнт” віншаваньня Алексія: “Возрадуемся! Я поздравляю русских людей со светлым праздником... Мы не должны забывать историческое и культурное наследие великой России!” Потым паказалі “русское подворье” у Ерусаліме. Тамашні бацюшка казаў пра тое ж самае: “Возрадуйтесь, люди русские! І г.д.” Прэтэндуючы на нейкую “вселенскость”, РПЦ застаецца выключна расейскім дзярждэпартамэнтам. Для бацюшак і архібацюшак не існуюць іншыя народы, мовы і культуры, якія фармальна належаць да іхнай адміністрацыі. Успомнім, як Рымскі Папа (заўсёды паліглёт і знаўца многіх культураў) зьвяртаецца да вернікаў на дзесятках моваў. А тут не дачакаешся, каб згадалі нават беларусаў з украінцамі, ня тое што пахрышчаных у праваслаўе якутаў, чувашоў, марыйцаў і дзесяткі іншых народаў. Русіфікатарская жуйка ў сьвяточнай абалонцы па-старому прадстаўляе фірму РПЦ.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ