ПАРТУГАЛЬСКАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

25 красавіка 2006 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” паведамляе пра адкрыцьцё выставы ў партугальскім горадзе Каімбра. Экспазіцыя прысьвечана ўгодкам дэмакратычнай рэвалюцыі, якая за адзін дзень 25 красавіка 1974 г. зьліквідавала рэжым правай дыктатуры, які душыў народ на працягу паўстагоддзя. Арганізатары выставы наракаюць у інтэрвію газэце, што ўлады не надаюць належнай увагі ўгодкам рэвалюцыі, што грамадзтва ўжо слаба памятае, мала ведае пра гэтую падзею.

Наш камэнтар: А памятаць ёсьць аб чым! На вачах усёй Эўропы ў Партугаліі адбыўся цуд, угрунтаваны на Боскай ласцы і Народнай Салідарнасьці. Маразм дыктатуры трывожыў нават некаторых генэралаў і афіцэраў, якія зрабілі кар'еру на каляніяльнай вайне ў Афрыцы. Самы талковы з іх — генэрал Спінала — здолеў падрыхтаваць вайсковую акцыю такім чынам, што самаўпэўненыя спэцслужбы і бонзы рэжыму ні аб чым не здагадваліся. Яшчэ ўначы таго дня на дзяжурнае тэлефанаваньне з прэзыдэнцкага палацу з генштаба адказалі, што “усё ціха, сітуацыя звычайная”. Літаральна праз пару гадзінаў сітуацыя сталася надзвычайнай. Спінала вывеў з казармаў некалькі палкоў, якія разам з танкавымі часткамі пачалі займаць галоўныя аб'екты сталіцы і пагрозьліва ўсталі насупраць прэзыдэнцкага палацу. Дыктатар Каэтана затросься ад страху. Людзі, якія выйшлі з дамоў на працу і вучобу, спачатку разгубіліся. Але разгубленасьць працягвалася лічаныя хвіліны. Сотні тысячаў лісабонцаў (а праз колькі гадзінаў мільёны па ўсёй краіне) кінулі штодзённыя справы і пачалі шыхтавацца ў калёны на вуліцах і плошчах. Над краінай ўзьняўся пераможны покліч (рыфмаваны на партугальскай мове: “O povo unido — jamais sera vencido!” (“Зьяднаны народ — непераможны!”). Задуманы ваенны пераварот не атрымаўся дзякуючы тэмпэрамэнтным гараджанам. Усенародны праклён дыктатуры і аднадушныя дзеяньні насельніцтва ператварылі ваенную акцыю ў народную рэвалюцыю, якая пачала валіць дыктатуру. Людзі абдымалі і цалавалі разгубленых жаўнераў і афіцэраў, устаўлялі ў дулы аўтаматаў і гарматаў чырвоныя гвазьдзікі (пазьней гэтыя падзеі назвалі “рэвалюцыяй чырвоных гвазьдзікоў”). Пачалося фармаваньне часовага пераходнага ўраду. Ужо назаўтра-пасьлязаўтра з эміграцыі вярнуліся лідэры забароненых дыктатурай палітычных партыяў і прафсаюзаў. Па ўсёй краіне народ разганяў прадыктатарскія райкамы і арганізацыі, зьнішчаў знакі і сымбалі дыктатуры. З асаблівай нянавісьцю людзі грамілі сядзібы дыктатарскіх спэцслужбаў — крывавай PIDO (супрацоўнікі якой актыўна разбягаліся ў розныя бакі, зрываючы з сябе пагоны). Першыя загады генштаба для партугальскіх каляніяльных войскаў у Афрыцы былі пра спыненьне вайны і пачатак мірных перамоваў з ангольскімі, гвінэйскімі, мазамбікскімі і зялёнамысаўскімі партызанамі. Захісталася і пасыпалася 500-гадовая партугальская імпэрыя. Гнілая дыктатура давяла краіну да галечы і апошняга месца сярод краінаў Заходняй Эўропы. Праз некалькі дзесяцігоддзяў вызвалены народ з цяжкасьцю ўспамінае тыя часы. Дэмакратычная, высокаразьвітая Партугалія, кампактная эўрапейская краіна (10 мільёнаў насельніцтва, як у нас; тэрыторыя ў тры разы меншая, чым у Беларусі) ёсьць прыкладам для беларусаў на шляху нацыянальнага Адраджэньня і вяртаньня да нармальнага нацыянальнага і дзяржаўнага жыцьця.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ