ЧАРНОБЫЛЬ = ГЕНАЦЫД = КУРАПАТЫ

26 красавіка a 18:00 талака ў Курапатах

26 красавіка сёлета спаўняецца роўна 20 гадоў з дня Чарнобыльскай катастрофы. Штогод беларускія патрыёты адзначаюць угодкі трагедыі мэмарыяльнымі мерапрыемствамі.

З 1989 г. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” арганізоўваў у гэты дзень “Чарнобыльскі Шлях” у Менску, а таксама мемарыяльныя мітынгі і шэсьці ў іншых гарадах краіны. Сёлета псэўдаапазыцыя пад дыктоўку незаконнага рэжыму зьбіраецца весьці людзей на плошчу Бангалор. Патрыёты ня хочуць удзельнічаць у гэтым акце прафанацыі народнай памяці аб чарнобыльскай бядзе.

Мы заклікаем беларусаў прысьці 26 красавіка ў Курапаты, дзе ствараецца Народны Мэмарыял “Лес Крыжоў”. А 18:00 мы распачнем тут талаку пад дэвізам “Чарнобыль = Генацыд = Курапаты”. У гэты памятны дзень людзі будуць прыбіраць магілы ахвяраў расейска-бальшавіцкага рэжыму, маліцца, ускладаць вянкі і кветкі да крыжоў. Гэта будзе Дзень Памяці аб усіх ахвярах нашага народу.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

24 красавіка 2006 г.