ІНФАРМАЦЫЯ ПРА ЧАРНОБЫЛЬ

23 красавіка 2006 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” друкуе артыкул пад тытулам “Савецкія Пампэі”. Ва ўсіх СМІ сьвету зьяўляюцца матар'ялы ў сувязі з 20-годдзем Чарнобыльскай катастрофы. З большай альбо меншай любоўю да праўды, з большым альбо меншым разуменьнем праблемы усе распавядаюць пра чалавечую трагедыю. Вось і нарвэжцы прыдумалі эпітэт для горада Прыпяці — Пампэі, параўноўваючы яго з антычным горадам, ахвярай вывяржэньня вулкана ў 1-м стагоддзі нашай эры. Далей ідзе сэрыя ўжо шмат разоў выкарыстанай тэрміналёгіі: “пекла”, “ліквідатары”, “чарнобыльскія навасёлы” і г.д.

Наш камэнтар: Вельмі важна, што ў большасьці публікацыяў урэшце спынены ўсхваленьні маскоўскага кіраўніцтва і лічно товарішча Горбачёва за “гуманныя дзеяньні пасьля аварыі на ЧАЭС”. Усё больш праўды кажуць нават закаханыя ў Горбі заходнікі пра злачынную ролю маскоўскай імпэрыі і яе кіраўнікоў у атамнай бядзе народаў. Мы добра памятаем, як на прыканцы 1980-х — пачатку 1990-х па Беларусі езьдзілі вялікія групы розных заходніх актывістаў ад скаўтаў і “зялёных” да эўрапарлямантароў і адстаўных натаўскіх генэралаў. Як на сустрэчах з беларускай грамадзкасьцю, з фронтаўцамі-нацыяналістамі яны праз перакладчыкаў барабанілі нам у вушы: “Великая беда — распад такой прекрасной и могучей страны. Ведь вам так хорошо жилось в СССР. Что вы теперь?!....” Потым настаў пэрыяд усхваленьня “новай, дэмакратычнай Расеі”, да якой Беларусі трэба было далучацца, каб “дэмакратызавацца” (“праз расейскі канцлягер” — працягвалі думку кемлівыя беларусы). Але пустая хлусьлівая балбатня гастралёраў выдахлася, зьдзьмулася і рассыпалася. Як важна нашаму эўрапейскаму народу жыць сваім розумам, ня верыць зацікаўленым у сваёй выгодзе заходнім бразготкам і іхным усходнім кампаньёнам па хлусьліваму шоў. Важна, каб мы далей крочылі шляхам нацыянальнага Адраджэньня і дзяржаўнай незалежнасьці.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ