АЛЯКСАНДАР АДАМОВІЧ (1900–1937)

У сярэдзіне 1920-х, калі ў БССР праводзілася палітыка беларусізацыі, другой яе сталіцай пасьля Менску называлі Клімавічы, цэнтар Калінінскай акругі. Захаваліся сьведчаньні, што, прыяжджаючы адтуль у камандзіроўкі, усе савецкія і партыйныя работнікі ў менскіх кабінэтах гаварылі па-беларуску, а ў адказ чулі: “Ці вы не з Калініншчыны?” Шмат дзе беларусізацыя буксавала, і ў Менск ішлі просьбы запаволіць яе тэмпы. З Клімавічаў жа, наадварот, бясконца прасілі лектараў, выкладчыкаў, кнігі.

За ўсім гэтым стаяў 25-гадовы сакратар Калінінскага акруговага камітэту партыі Алесь Адамовіч. Штомесяц ён дасылаў у наркамат асьветы лісты з патрабаваньнем новых спэцыялістаў для курсаў беларускай мовы, літаратуры, гісторыі й геаграфіі. Зь лекцыямі й дакладамі ў акрузе выступалі Максім Гарэцкі, Янка Купала, Якуб Колас. Пад кіраўніцтвам Адамовіча працавалі Ўладзімер Дубоўка, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, які назваў Калініншчыну “зямлёй абяцанаю для беларускіх нацдэмаў”.

Аднак Адамовіч мысьліў катэгорыямі не акругі, а нацыі. Ягоны праўнук Аляксей на падставе архіўных дакумэнтаў паведамляе, што ў размове з дырэктарам Інбелкульту Аркадзем Смолічам Алесь Адамовіч казаў пра неабходнасьць “стварэньня бар'еру супраць РСФСР”, што ўрэшце б спыніла русіфікацыю і “магло б прывесьці да ўтварэньня БНР”.

У 1925-м ім пільна зацікавілася ГПУ. Адамовіча пераводзяць у Полацак, потым ён займае высокія пасады ў Менску: кіруе сэктарам друку ЦК КПБ(б), рэдагуе газэту “Беларуская вёска”, працуе намесьнікам наркама земляробства. Здавалася б, хвалі ўгамаваліся. Але дасье на Адамовіча робіцца ўсё больш пульхным. У 1930-м ён трапляе за краты па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”. Віна аднаго з матораў беларусізацыі ацэньваецца ў 10 гадоў зьняволеньня. У 1937-м суд пераглядае справу і пастанаўляе: расстраляць. Такія прысуды выконваліся неадкладна.

Яму было толькі 37.

У Клімавічах, як і нідзе, няма ні помніка, ні вуліцы ягонага імя.

Уладзімер Арлоў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ