ФАЛЬШ І ЦЫНІЗМ ВАКОЛ ЧАРНОБЫЛЯ
24 красавіка 2006 г. Гішпанская газэта “El Pais” дае рэпартаж з Чарнобыльскай зоны. Журналіст падарожнічаў непадалёк ад рэактара на ўкраінскім баку зоны. Ён размаўляў са старымі людзьмі, якія вярнуліся ў свае хаты. Расказаў пра 8-гадовую Марыйку, першае дзіця, якое нарадзілася ў зоне адсяленьня і жыве там. У фінале рэпартажа выступае мясцовы Дзяніс, які арганізоўвае экскурсіі па зоне. За 200-500 эўра групы замежнікаў могуць праехацца па мёртвых мясьцінах, убачыць агромністыя могілкі для вайсковай і цывільнай тэхнікі, якая працавала на ліквідацыі і была пакінута тут, бо моцна выпраменьвае. Можна нават зьесьці “экалягічны абед” у мясцовым рэстаране.
Наш камэнтар: Па-за радкамі тэксту зразумела, што ў зоне катастрофаў у Гішпаніі не маглі б нараджацца і жыць дзеці. Эўрапеец дае зразумець, што “на Усходзе” існуе зусім іншая мэнтальнасьць, зусім іншая цана чалавечага жыцьця, што тут усё іншае... Чарнобыль паступова становіцца аб'ектам турыстычнага бізнэсу, прайдзісьветы вучацца зарабляць шалёныя грошы на народнай бядзе. Гішпанец ня робіць, аднак, больш глыбокіх назіраньняў і высноваў пра міжнародную палітыку “эканамічнага адраджэньня і вяртаньня насельніцтва на чарнобыльскія тэрыторыі”, пра поўную згоду паміж дэмакратычнымі нібыта дзяржавамі, гуманітарнымі нібыта арганізацыямі і антычалавечымі (як у Беларусі і Расеі) рэжымамі, якія імпэтна заклікаюць “аднавіць паўнавартаснае жыцьцё” на зямлі, дзе жывым істотам нельга жыць. Пра міжнародную змову супраць ахвяраў катастрофы (“во імя наукі”, як кажуць арганізатары антычалавечага экспэрымэнту) цяпер згадваць ня модна.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ