ЭКАНАМІЧНАЯ АГРЭСІЯ СУПРОЦЬ ГРУЗІІ І МАЛДОВЫ

24 красавіка 2006 г. Швэдская газэта “Svenska Dagbladet” піша пра “вінную вайну”, якую Расея абвясьціла Грузіі і Малдове. Крэмль загадаў не купляць віно ў краінах, якія эфэктыўна бароняцца ад расейскіх уплываў і дэкляруюць абраньне арыентацыі на эўрапейскую цывілізацыю, НАТО і ў цэлым на Захад. Расейцы адразу мабілізавалі “спэцоў”, якія навукова сьцьвярджаюць, што ў грузінскім віне “ёсьць шкодныя хімікаліі”. Прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі загадаў кіраўніцтву краіны тэрмінова шукаць новыя рынкі збыту для высокаякаснай грузінскай прадукцыі.

Наш камэнтар: Крэмль гуляецца ў чарговы ўльтыматум, пагражаючы падарваць эканоміку ў чарговых постсавецкіх краінах. Ну што ж, няхай расейцы пьюць сваю неякасную гарэлку (нават паводле афіцыйнай статыстыкі, ад яе і іншых замяняльнікаў алкаголя ў РФ штогод памірае да 40 тысячаў чалавек). А народы і палітычнае кіраўніцтва постсавецкіх краінаў хутчэй зразумеюць — трэба як мага далей трымацца ад непрадказальнага імпэрскага суседа, не зьвязвацца зь ім ніякой справай, ня быць нават у мінімальнай залежнасьці ад яго. Сам Крэмль чытае мільёнам людзей гэты курс лекцыяў. Пара ўрэшце зразумець лектара, які не хавае сваёй дураты, цемрашальства, агрэсіўнасьці і злапамяцтва. Расея — не партнёр, не добры сусед, а нешта зусім іншае. Сапраўды, можа настаць такі час, калі расейцам застанецца толькі піць сваю нафту ды закусваць сваім газам.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ