З ТУРМЫ ВЫЙШЛІ ЗАТРЫМАНЫЯ 7 КРАСАВІКА СЯБРЫ КХП БНФ
22 красавіка з турмы на Акрэсьціна на волю выйшлі намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі і сябры партыі Ілья Шыманскі і Ўладзімер Нікалаеў. Яны адседзелі 15 сутак за тое, што выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску 7 красавіка з пратэстам супраць інаўгурацыі А. Лукашэнкі. Ля брамы іх сустракалі дзясяткі людзей, сярод іх было шмат моладзі.
Спадар Беленькі заявіў Свабодзе пасьля вызваленьня:
Беленькі: "Мы ўсьцешаны тым, што выйшлі, сказалі праўду пасьля брутальных акцыяў, якія ўчыніў рэжым супраць мірных дэманстрантаў. Мы сказалі праўду, адкрыта, што не прызнаем гэтыя выбары, што інаўгурацыя, якая мелася адбыцца на наступны дзень — гэта была псэўдаінаўгурацыя, фальш. За нашую праўду мы адбылі пакараньне, кажучы біблейнымі словамі, "Шчасьлівыя тыя, хто за праўду сядзяць у цямніцы". Такі ў нас настрой і быў.
Умовы ўтрыманьня — стандартныя, нары голыя, у камэры халодна. Згадваюцца словы аднаго з дасьледчыкаў Поўначы, што да холаду немагчыма прывыкнуць. Самае галоўнае, што маладыя людзі, якія былі са мной у камэры, выйшлі з настроем змагацца далей. Гэты настрой ня штучны, ён сапраўдны. Я вельмі ўсьцешаны за нашую беларускую моладзь. Я бачу, што працэсы, якія адбыліся і адбываюцца — незваротныя. Свабода, незалежнасьць — гэта сьвятыя словы, якія я чуў з вуснаў маладых людзей".
Радыё Свабода