НАПЯРЭДАДНІ ВЯЛІКАДНЯ Ў КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ТАЛАКА

22-га красавіка ва ўрочышчы Курапаты напярэдадні Вялікадня адбылася талака. Больш за 30 чалавек — пераважна моладзь — парадкавалі ўрочышча. Сярод удзельнікаў талакі былі пацярпелыя за ўдзел у пасьлявыбарчых пратэстах. Ва ўрочышчы Курапаты пабывала нашая карэспандэнтка.

Гэтая талака першая сёлета, і традыцыйна яе праводзіць актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Прэсавы сакратар партыі Валер Буйвал зьвяртае ўвагу на тое, што гэтым разам сярод удзельнікаў талакі шмат моладзі.

Буйвал: “Сапраўды, столькі моладзі, дзяўчаты і хлопцы прыйшлі далучыцца да памяці ў гэты сьвяточны дзень. Незалежна ад канфэсіі, да якой належаць беларусы, усім належыць нашая гістарычная памяць, памяць пра нашыя ахвяры, пра нашых пакутнікаў сьвятых. Дзякуй Богу, гэта аб'ядноўвае людзей”.

Удзельнік талакі Ўладзімер Багач пяць дзён таму выйшаў на волю пасьля 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы напярэдадні інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Багач: “Сёньня вырашыў прыйсьці ў Курапаты, каб не забываць гэтую тэрыторыю, на якой забівалі нашых продкаў, дзядоў, прадзедаў. Трэба шанаваць гэтае месца”.

Мой наступны суразмоўца Яўген — адзін з удзельнікаў акцыі прыхільнікаў пераменаў на Кастрычніцкай плошчы.

Яўген: “Паглядзіце, колькі тут моладзі. Усе прыйшлі ў гэты дзень, нягледзячы на тое, што сёньня субота, і ў многіх заняткі. Але ахвяравалі сваім часам дзеля нашай памяці. Для мяне гэта тое месца, дзе наладжваецца сувязь паміж пакаленьнямі, калі нашыя мёртвыя дзяды, якія пайшлі ўжо, быццам бы, ладзяць нашую моладзевую салідарнасьць, той моладзі, якая будзе працягваць іх справу”.

Далей я гутару са спадарынямі Жанай і Ядзьвігай, якія парадкуюць курапацкі пагорак.

Жанна: “На Кальварыі ля трох крыжоў прыбіраем. Тут кветкі пасаджаныя — нарцысы, тульпаны, трэба іх цалкам апрацаваць”.

Ядзьвіга: “Тут за зіму накапілася шмат сьмецьця. Трэба, каб людзі прыходзілі, рабілі гэтую добрую справу”.

Працягвае сакратар управы сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Алесь Чахольскі:

Чахольскі: “Мы аднаўляем талокі, зараз яны будуць штосуботу а 11-й гадзіне. Прасіў бы браць з сабой рыштунак — сякеры, рыдлёўкі, граблі, таму што вельмі шмат нам тут яшчэ працы”.

Сёньня ўдзельнікі талакі ўсталёўвалі нанава некалькі паваленых крыжоў з той часткі ўрочышча, што мяжуе з аўтамабільнай запраўкай. У наступныя талокі плянуецца канчаткова прыбраць сьляды фарбы з апаганеных вандаламі курапацкіх знакаў. Больш за тыдзень таму невядомыя вандалы сарвалі з мэмарыяльнага знаку, гэтак званай “лавы Клінтана”, мэталічны вянок.

Дарэчы, на ўваходзе ва ўрочышча зьявілася шыльда, на якой пазначана, што гэта гістарычна-культурная каштоўнасьць — месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940 гадоў, і прычыненьне шкоды караецца па закону.

Радыё Свабода, Курапаты