КРЫТЫКУЮЦЬ ХАЛЯВУ
На працягу доўгіх гадоў беларускія патрыёты тлумачылі заходнікам, што марнымі ёсьць іхныя спробы “дэмакратызаваць” постсавецкія рэжымы праз грантаўскія ўліваньні ў трэці сэктар (так званыя “недзяржаўныя арганізацыі”). Яны ня верылі нам, што тысячы і тысячы падстаўных (часам шчыра жульніцкіх) фондаў, фондзікаў, асацыяцыяў і цэнтрыкаў ствараюцца менавіта дзеля ўсмоктваньня дармовых грантаў. Псэўдаапазыцыя РБ была адным з майстроў жанру. Некаторыя з вінцучкоў-лебедько дасягнулі вышыняў майстэрства прысабечваньня заходніх грошай і правалаў рэальнай справы (апошнія выбары — яркі таму прыклад). 21 красавіка на брусэльскім Алімпе забліскалі маланкі, нешта загрукатала... Эўрапейская аўдытарская камісія ў выніку аналізу зрабіла выснову, што эфэктыўнасьць праграмы ТАСІС была “крайне нізкая”. ТАСІС быў разьлічаны на спрыяньне эканамічным і сацыяльным рэформам у краінах СНД. Дык вось правяральнікі раптам (!) убачылі, што з 7 мільярдаў эўра гэтай праграмы 5 мільярдаў былі прста “раскрадзены”. Так, у Расеі з 29 праектаў у рамках ТАСІСа толькі 9 адпавядалі патрабаваньням праграмы, а з іх толькі 5 пачалі працаваць. Эўрадэпутаты зашумелі і патрабуюць згарнуць правальную праграму. Цытуем Ганса-Пітэра Марціна з бюджэтнай камісіі Эўразьвязу: “Гэта сур'ёзны скандал для Эўразьвязу. Мы згубілі мільярды і павінны спыніць праграму цяпер жа. Тым, хто займаўся гэтым дагэтуль, павінна быць сорамна...” Аднак жулікі, як вядома “стыда не імут...” На шырокіх прасторах РФ, РБ і іншых дзяржаваў яны хіхікаюць, гукаюць “Знай нашіх, евродядя!” і паказваюць эўрабюракратам хватка скручаныя дулі. Хаця..., зрэшты, ёсьць “эфэктыўнасьць”. Сваімі халяўнымі мільярдамі “эўрадзядзі” разбэсьцілі ў нас масу людзей, раскалолі беларускі нацыянальна-вызвольны рух, спрафанавалі грамадзкія ініцыятывы, зрабілі адчувальную шкоду нацыянальна-дэмакратычнай справе і вызваленьню ад прамаскоўскага рэжыму.
Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ