ПАДЗЕІ Ў НЕПАЛЕ

22 красавіка 2006 г. Аўстрыйская газэта “Der Standart” паведамляе пра ўчорашні тэлевыступ караля Нэпалу Гіянэндры. Апошні абсалютны манарх плянэты заявіў, што самадзяржаўе адмяняецца, дэмакратыя аднаўляецца і ствараецца ўрадавая кааліцыя з сямі палітычных партыяў. Пасьля двух тыдняў народных пратэстаў у сталіцы і па ўсёй краіне ўзурпатар вымушаны пайсьці на саступкі.

Наш камэнтар: Нэпальскі народ, нэпальская моладзь не стаялі маўкліва, апусьціўшы голаў перад каралеўскім палацам. Такі нямы пратэст (нават калі б яны трымалі ў руках запаленыя сьвечкі) кароль і камарылья, а таксама ўвесь сьвет проста не зразумелі б. Людзі зьбіраліся стотысячнымі калёнамі, пад сьцягамі і транспарантамі маршыравалі па вуліцах і плошчах. Не баяліся паліцыі, давалі адлуп правакатарам і не сыходзілі на ўскраіны. Наадварот, яны штораз займалі цэнтар сталіцы і гарадоў. І вось пад магутным ударам народнай салідарнасьці захістаўся антынародны рэжым. Але людзі ня вераць ужо неабгрунтаваным абяцанкам манарха. Пратэсты працягваюцца, бо Гіянэндра не адмяніў камэнданцкую гадзіну і марудзіць з абяцанымі рэформамі. Мы адносім уражаньне, што сярод прычынаў ўзмацненьня рэвалюцыйнага руху ў далёкай краіне сярод іншых ёсьць і наступная: у Катманду няма свайго мясцовага гутаперчавага мілінкевіча. Кіруюць і маюць давер грамадзтва сапраўдныя патрыёты, а не падстаўныя блытальшчыкі-імітатары.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ