РАСЕЯ СТВАРАЕ НАПРУЖАНАСЬЦЬ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ

21 красавіка 2006 г. Чэшская газэта “Lidove Noviny” працягвае расейскую тэму. Начштаба РФ генэрал Балуеўскі камэнтаваў адносіны Захаду з Іранам. Ён сказаў, што магчымы ваенны канфлікт з Іранам “гэта, як мы ў Аўганістане”. Ён паабяцаў, аднак, не пасылаць расейскую армію на дапамогу іранцам. А вось сучасьнейшы комплекс ракетаў зямля-паветра “Тор М-1” Расея іранцам паставіць у бліжэйшы час. Паводле Балуеўскага, “усё гэта робіцца ў адпаведнасьці з міжнароднымі нормамі...”

Наш камэнтар: Па расейскіх тэлеканалах у апошнія дні шмат выступаў на гэтую тэму таксама й міністар замежных справаў РФ Лаўроў. Казаў, што яны “за мір во всём міре”. Што іранцы “таксама за мір”. Што каб падтрымаць гэты “мір”, Расея і аддае людзям у чорных чалмах сучасьнейшую зброю. Аднак, на Захадзе і Усходзе людзям не адбіла памяць. Зусім нядаўна іранскі прэзыдэнт на ўвесь сьвет заявіў перад стотысячнымі натоўпамі, што “Ізраіль павінен быць зьнішчаны”, што “нашы ракеты далятуць да Брытаніі і Амэрыкі”. На вуліцах іранскай сталіцы стаяць сталы, на якіх мясцовая моладзь запісваецца ў сьмяротнікі з мэтай зьнішчэньня заходніх аб'ектаў і людзей. Хаця маскоўская дэмагагічная балбатня не павінна нікога зьдзіўляць. Тыя ж чэхі могуць успомніць 1968 год, калі ў іхную краіну ўваліліся маскоўскія танкі і пад лёзунгам “Мы за мір і дружбу!” разграмілі Пражскую Вясну.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ