ЭЎРОПА ЗАХВАЛЯВАЛАСЯ
21 красавіка 2006 г. Румынская газэта “Evenimentul Zilei” публікуе артыкул пад выразным тытулам “Dictatura Gazprom”. Уся Эўропа выслухала днямі публічны маналёг А. Мілера, гендырэктара расейскага Газпрому. Ён заявіў сярод іншага: “Спробы абмежаваць дзейнасьць Газпрому на эўрапейскім рынку ня будуць мець станоўчых вынікаў”. Эўрапейскія краіны не дапускаюць газавага расейскага гіганта ў якасьці кароннага акцыянэра ў сэктар разьмеркаваньня энэрганосьбітаў. Эўрапейцы хвалююцца за сваю энэргетычную бясьпеку пасьля скандальнай “газавай вайны”, якую правяла РФ супраць Украіны на пачатку гэтага году. На гэта Мілер пагражае, што Расея можа сысьці з эўрапейскага рынку зусім і пачаць аддаваць свой газ у Амэрыку і Азію.
Наш камэнтар: Масква відавочна абрала мову і тон нахабнага ўльтыматуму. Гэта той выпадак, калі сьвіньню пусьцілі за эўрапейскі стол, а яна й ногі на стол. Падобна, што разыграны Крамлём брыдкі газавы шантаж супраць Украіны ў першыя дні сёлетняга году сапраўды прымусіў шэраг прарасейскіх палітыкаў на Захадзе сур'ёзна задумацца калі не над будучыняй сваіх краінаў, дык прынамсьці над уласнай кар'ерай (на выпадак, калі народы запатрабуць у іх адказу за закулісныя гульні з Масквой). Падобна, што гульні канчаюцца. Гуляцца з Масквой аказалася надта небясьпечна.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ