НАРОДНЫ ГЕРОЙ
21 га красавіка 1996 года ў Ітум-Калінскім раёне Чачэніі накіраваным ракетным ударам з самалёта па наводцы спэцслужбаў быў забіты першы чачэнскі прэзыдэнт Джахар Дудаеў. На месцы забойства цяпер гранітны камень з мэмарыяльным надпісам. Паплечнікі пахавалі Джахара Дудаева ў гарах, але месца пахаваньня трымаецца ў сакрэце.
Джахар Дудаеў — адна з самых моцных фігур на Каўказкім небасхіле. Ён яднаў у сабе самыя неабходныя якасьці, якія вымагала эпоха, — якасьці палітыка, дзяржаўнага дзеяча, ваеннага кіраўніка і патрыёта. Па ўзроўні і па справах, ён стаіць побач з такімі характэрнымі фігурамі 20-га стагодзьдзя як Юзаф Пілсудзкі і Шарль дэ Голь. Ён гэтак жа, як і Пілсудзкі, арганізаваў нацыю на збройнае змаганьне за незалежнасьць і выйграў вайну з Расеяй. Прытым подзьвіг Джахара Дудаева выключны, бо не параўнаць рэсурсы Польшчы, якой дапамагала Антанта, і маленькай Ічкерыі, якой не дапамагаў ніхто, акрамя нешматлікіх дабраахвотнікаў.
Джахар Дудаеў — гэта выключная асоба змаганьня і моцнай палітыкі. Ён зрабіў свой народ бессьмяротным у гісторыі. Ён паказаў і сцьвердзіў, што чачэнцы ня могуць існаваць інакш, як у свабодзе.
Забойства Дудаева рускімі подлае і падступнае. Расейцы прадэманстравалі сваю палітычную нікчэмнасьць і ваенную слабасьць. Гэта ўдар з-за вугла. Чачэнцы не раз маглі б зьліквідаваць Ельцына. Але гэтага не дазваляў ім кодэкс гонару. Чачэнская народная армія Дудаева не магла апускацца да бандытызму.
Джахар Дудаеў для чачэнцаў ёсьць нацыянальны герой і вялікі чалавек. Для нас, беларусаў, — гэта ўзор і мара аб народным лідэры.
Слава вольнай Чачэніі!
Зянон Пазьняк