ЧУМА
19 красавіка 2006 г. Латвійская газэта “Diena” піша пра братэрства і супрацоўніцтва маскоўскага НКВД і нямецка-фашыстоўскіх карніцкіх арганізацыяў.
Аўстрыйскі гісторык Ганс Шафранэк дасьледваў маскоўска-гітлерскае супрацоўніцтва на тэму камуністаў і габрэяў. 27 сьнежня 1939 г. ЦК ВКП (б) прыняў адмысловую пастанову аб высылцы з СССР на “тэрыторыю нямецкіх інтарэсаў” 60 тысячаў камуністаў і габрэяў, якія уцяклі ад фашызму ў “пралетарскі рай”. Большасьць з іх потым загінула ў нямецкіх канцлягерах. Польскі гісторык Г. Нэрлінг-Грудзіньскі прысьвяціў сваю манаграфію трагедыі на фашыстоўска-савецкай мяжы, якая праходзіла па Бугу з 1939 г. Тысячы людзей уцякалі ад фашыстоўскіх рэпрэсіяў на савецкі бок. Там іх сустракаў кулямётны агонь. Многія заставаліся на нэйтральнай паласе і памерлі там ад холаду і голаду. Начальнік НКВД у Львове І. Сяроў (пасьляваенны кіраўнік НКВД СССР) прафэсійна складаў сьпісы антыфашыстаў, нацыяналістаў і габрэяў, дзяліўся сьпісамі з гестапа, дзейнічаў з немцамі разам. З восені 1939 г. у польскім курортным горадзе Закапанэ быў утвораны сумесны навучальны цэнтар НКВД і гестапа. Калегі актыўна дзяліліся набытым досьведам. Адбылося некалькі сумесных канфэрэнцыяў з удзелам вышэйшых афіцэраў. На беразе аднаго з мазурскіх азёраў у лютым 1941 г. адбылася сустрэча рэйхсфюрэра СС Гімлера і наркома НКВД Бэрыі. “Друзья” распрацоўвалі далейшыя пэрспэктывы супрацоўніцтва. Латышскія патрыёты добра памятаюць, як пасьля савецкай акупацыі краіны дзейнічалі ў іх закапанскія выпускнікі з НКВД.
Наш камэнтар: Галоўная розьніца паміж фашызмам гітлерскім і фашызмам маскоўскім палягае ў тым, што першы быў разгромлены антыгітлераўскай кааліцыяй і асуджаны на Нюрнбэргскім працэсе. А другі існуе і мадыфікуецца дагэтуль (так жа сама як і Маскоўскі Рэйх). Можа на Захадзе гэтага пакуль ня бачаць. Але беларускі народ зноў сутыкнуўся з расейскай фашыстоўскай агрэсіяй супраць нашай краіны. Мадэрновая форма расейскага фашызму (гэбізм) і новая назва НКВД (ФСБ) не мяняюць антычалавечай і злачыннай сутнасьці гэтых зьяваў. Салідарны антымаскоўскі супраціў народаў, якія пацярпелі ад двух фашызмаў, — шлях паратунку ад чумы ХХІ стагоддзя.
Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ