БЛАЗНЫ НА ФОНЕ НАРОДНАЙ БЯДЫ

Італьянцы ня выбачылі нямецкім катам. Днямі ў італьянскім горадзе Ля Спэцыя пачаўся працэс па справе масавых забойстваў нямецка-фашыстоўскімі карнікамі жыхароў трох вёсак непадалёк ад г. Арэца. У чэрвені 1994 г. партызаны забілі двух нямецкіх парашутыстаў. У адказ на гэта нямецкія карнікі спалілі сялянскія дамы і забілі больш за 200 асобаў. Праз дзесяцігоддзі нямногія, хто ацалеў тады, а таксама сямейнікі ахвяраў падалі ў суд, патрабуючы кампэнсацыяў ад Нямеччыны за забойствы і зьнішчэньне маёмасьці. Міністэрства юстыцыі ФРГ заяву ня прыняло, але адрэагавала станоўча ваенная пракуратура ФРГ. Пачаліся слуханьні па справе. Справядлівыя дзеяньні італьянцаў ёсьць прыкладам для беларусаў. Злачынствы расейскіх акупантаў на нашай зямлі ня маюць тэрміну даўніны. Не адкруціцца РФ ад адказнасьці за маскоўскі генацыд часоў СССР. Наперадзе судовыя працэсы па кампэнсацыях нашаму народу ад злачыннай расейскай дзяржавы. I найперш за Чарнобыль.

Пакуль што юрыдычнай справай заняўся адзін менскі комік. А. Лебедько заявіў 18 красавіка ў Вільні, што трэба арганізаваць “обшчественный процесс над А. Лукашенко”. Ён назваў нават сёлетні верасень у якасьці тэрміну, а ў якасьці месца назваў на выбар Вільню, Варшаву, Прагу, Кіеў і нават Маскву (!). У якасьці суддзяў ён зьбіраецца запрасіць Валэнсу, Гавэла, Квасьнеўскага і “яшчэ 10-15 вядомых дзеячаў Эўропы” (у сувязі з заяўленай Масквой Лебедько, мабыць, зьбіраецца запрасіць таксама Пуціна ў якасьці суддзі над ягоным жа шклоўскім кліентам). Наколькі нам вядома, амаль ніхто з названых ня мае юрыдычнай адукацыі, не зьяўляецца прафэсійным юрыстам. “Обшчественный процесс” маецца, такім чынам, быць аматарскім шоў (пад якое Лебедько мае намер атрымаць тлустыя гранты). Не апошняе месца на гэтым шоў, відаць, зьбіраецца заняць згаданы Лебедько. Толькі вось якое месца? Беларусам ён вядомы як актыўны будаўнік сістэмы раньняга лукашызму, памочнік стваральніка “прэзыдэнцкай вэртыкалі”, верны супрацоўнік вышэйадзначанага А. Лукашэнкі (да пары пакуль той ня выдаліў яго высьпяткам з каманды). Гэта ўсяроўна, што працэс над генэралам Ярузэльскім наладжваў бы цяпер які-небудзь палкоўнік часоў ваеннага становішча. Альбо калі б Гітлера судзіў Гэбельс на пару з Борманам, запрасіўшы ў “суддзі” прадстаўнікоў нейтральных дзяржаваў.

Працэс над А. Лукашэнкам, парушальнікам Канстытуцыі і ўзурпатарам дзяржаўнай улады, абавязкава адбудзецца. Толькі адбудзецца ён у беларускай сталіцы, пад кіраўніцтвам прафэсійных і сумленных юрыстаў. А згаданы Лебедько будзе сядзець на лаве сярод падсудных лукашыстаў пад моцнай аховай і з турэмным пайком.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ