СТУДЭНТАЎ АДЛІЧВАЦЬ “ЗА ПАЛІТЫКУ”
Cтудэнтаў вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў адлічваюць з вучобы за апазыцыйную дзейнасьць. Некаторых зь іх дэканаты просяць напісаць лісты з абяцаньнем больш ніколі ня ўдзельнічаць у акцыях апазыцыі. Пры гэтай умове абяцаюць пакінуць на вучобе.
Юрася Меляшкевіча адлічылі зь пятага курсу Тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Яго затрымалі ўначы з 20 на 21 сакавіка па дарозе ў інтэрнэт-кавярню з Кастрычніцкай плошчы. Юрась адседзеў 15 сутак арышту. Калі прыйшоў ва ўнівэрсытэт, даведаўся, што дыплём абараняць ужо не давядзецца.
Дэкан факультэту Валерій Фарафунтов ілгаў журналістам, што студэнта адлічылі нібыта не за ягоную апазыцыйную дзейнасьць, а за адсутнасьць на пераддыплёмнай практыцы.
Студэнта Акадэміі мастацтваў Аляксандра Пералыгіна затрымалі падчас ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Ён адседзеў 10 сутак і выйшаў у свой дзень народзінаў. Аляксандар распавёў, што адміністрацыя прапанавала яму напісаць пакаянны ліст:
Пералыгін: “Да мяне падышлі з дэканату, каб я напісаў ліст аб тым, што калі мяне затрымлівалі на Кастрычніцкай плошчы, я быў у несьвядомым стане і вельмі шкадую аб тым, што там удзельнічаў. Трэба напісаць, што я нібыта раскайваюся і абяцаю, што больш ніколі ня буду ўдзельнічаць у такіх акцыях. Ну, а я не пагадзіўся. Цяпер я пайду да рэктара. Хутчэй за ўсё, мяне адлічаць. Калі ўлічыць, што я на першым курсе, мне не дадуць аднавіцца”.
Аляксандар Пералыгін кажа, што яму дапамагае падтрымка бацькоў і аднакурсьнікаў:
Пералыгін: “Бацькі й аднакурсьнікі мяне падтрымліваюць. Калі я сядзеў на сутках, мне ўсе прыносілі перадачы — мае сябры, аднагрупнікі... Калі я выйшаў, мяне ўсе віншавалі.
Цягам дзесяці дзён з вучобы адлічылі некалькі дзясяткаў навучэнцаў каледжаў і ўнівэрсытэтаў.
Любоў Лунёва, радыё “Свабода”