МІЛІНКЕВІЧЫ: “МЫ ГЭТА ПРЫМЕМ ДА ВЕДАМА”

Лубянская журналісцкая агентура на расейскім тэлебачаньні (Першы канал) абвінаваціла старшыню камісіі па абароне і бясьпецы грузінскага парлямэнту Гіві Таргамадзэ ў падрыхтоўцы забойства А. Мілінкевіча. (Грузінафобія Лубянкі ўжо добра вядомая.)

Г. Таргамадзэ пракамэнтаваў гэтак: "Упэўнены, што ніводзін нармальны чалавек ня можа ўсур'ёз успрыняць глупства, сфабрыкаванае Лявонцьевым. У наступнай перадачы ён можа абвясьціць мяне забойцам Кэнэдзі ці абвінаваціць у спробе правесьці тунэль зь Лёндану да Бамбэю.” (Рэмінісцэнцыі да фільма Абуладзэ.)

Тады зьвярнуліся да А. Мілінкевіча. Іна Кулей сказала наступнае:

“На гэта проста ня трэба зьвяртаць увагі. Мы свой шлях абралі. Мы гэта прымаем да ведама, але гэта ня зьменіць нашу пазыцыю.

Як мы ведаем, Расея была адной зь нешматлікіх краінаў, якая палічыла легітымнымі нашыя выбары, прызнала легітымным прэзыдэнтам Лукашэнку, які ўзурпаваў уладу. Гэта — працяг кампаніі ў абарону іх меркаваньня наконт таго, якім быў вынік выбараў.

Я мяркую, што гэта працяг спробаў запалохаць беларусаў, пачынаючы зь лідэра дэмакратычных сілаў і сканчаючы простымі людзьмі, запалохаць тымі наступствамі, якія іх могуць чакаць падчас выхаду на вуліцу.

У найбліжэйшы час адбудзецца штогадовая акцыя Чарнобыльскі шлях. І зараз ізноў распаўсюджваюцца чуткі, што там будуць забітыя людзі, што будуць рэпрэсіі. Такія ж чуткі распаўсюджваліся і напярэдадні 19-га, і напярэдадні 25-га сакавіка.

Нічога новага не прыдумалася, акрамя таго, што ў гэтыя брудныя чуткі ўцягнулі літоўцаў і грузінаў".

Такім чынам А. Мілінкевіч не будзе зьвяртаць увагі, пазыцыя яго зразумелая.

Адам Мікша (паводле радыё “Свабода”)