ВЯСКОВЫЯ ДЫЯЛЁГІ З-ПАД ЛУНІНЦА
Спадарыня: “Хутка нам дадуць поле пад бульбу. Людзі самі пачынаюць шукаць тэхніку, самі яго апрацоўваюць. Людзі ў калгасе працаваць ня хочуць, бо там мала плацяць, ідуць у лес, вяжуць бярозавыя венікі і прадаюць. 1700 рублёў за дзесяць венікаў (70 цэнтаў). Брусьнічнік рвуць. Цяжка. За дзень яго можна нарваць пад два кіляграмы. Трэба яго высушыць. Прымаюць толькі лісткі, а палкі й сьмецьце трэба прыбіраць. За кіляграм тых лісьцікаў даюць 4 тысячы” (паўтара даляра).
Карэспандэнт: “А што ёсьць добрага?”
Спадарыня: “Добра, што нашу царкву (пратэстанцкую) не закрываюць. Што ёсьць яшчэ воля: і дзеткі ходзяць, і дарослыя. Але ходзяць чуткі, што ўсе пойдуць у адну царкву, у праваслаўную. Кажуць, што будуць прымушаць — так старыя людзі кажуць”.
***
Карэспандэнт: “Ці ёсьць у людзей нешта добрае ў жыцьці, нейкі станоўчы момант?”
Жонка мужу: “Глядзі, нічога не кажы! Кажы, што ўсё добра. І ніякіх залішніх словаў. Глядзі, а то “чорны воран” ноччу прыедзе!”
Спадар: “Супакойся ты! Напужалі наш народ выбарамі і тым, што было пасьля выбараў”.
Карэспандэнт: “Чаго баіцца вашая жонка?”
Спадар: “Нейкіх рэпрэсіяў. Такое ня выключана. У наш час можа ўсё здарыцца”.
Жонка: “Цяпер такі час страшны: ноччу прыедуць, забяруць і ўвязуць. У Менску столькі людзей зьнікла! Нашто нам гэта? Навошта нам, простым калгасьнікам, зьвязвацца з гэтым? Нам ад гэтага лягчэй ня стане: хлеба не дадуць, пэнсію не падвысяць. Цяпер такі страшны час, што язык болей за зубамі трэба трымаць”.
***
Карэспандэнт: “Вы бачыце нейкі станоўчы момант у жыцьці Багданаўкі?”
Савіч: “Адны людзі за сумленнае жыцьцё, а іншыя вельмі злаблівыя. На іх узьдзейнічае выхаваньне, якое было раней. Гэтыя людзі ходзяць нейкія зачмураныя. А людзі, якія трымаюцца нашых поглядаў, яны — сьветлыя. У чым няшчасьце? У масе сваёй старыя людзі непісьменныя, яны глядзяць толькі ў гэтую скрыню (тэлевізар), “вока д'ябла” — так я яго называю. Пасьля гэтых выбараў лёд крануўся. Людзі падзяліліся на дзьве часткі; гэта будзе доўга. Гэта вельмі важна. Калі людзі абудзіліся, яны ўжо не заснуць, яны будуць нешта думаць і нешта рабіць. Я спадзяюся, што наша справа пойдзе наперад”.
Ягор Маёрчык (радыё “Свабода”)