ЧАМУ ЛЯБЕДЗЬКА НЕ ЎЗГАДАЎ ПРА 1995 ГОД?
Анатоль Лябедзька днямі ізноў наведаў Маскву, дзе заявіў пра міжнародны суд над Лукашэнкам. Адлік злачынстваў рэжыму ён, між іншым, прапанаваў пачаць з восені 1996 году, калі Лукашэнка правёў "рэфэрэндум" і распусьціў Вярхоўны Савет.
Гэта той самы Вярхоўны Савет 13 скліканьня, які амаль поўным складам на пачатку свайго бяздарнага існаваньня спрабаваў шукаць "кампраміс" з Лукашэнкам, і ў якім "демократы" галасавалі і за беларуска-расейскі саюз, і за скасаваньне сьвятых бел-чырвона-белага сьцяга і "Пагоні" у якасьці дзяржаўных сымбаляў.
Адлік злачынстваў рэжыму для Лябедзькі пачынаецца з моманту, калі з-пад яго выбілі дэпутацкае крэсла. А да гэтага, бачаце, ў Беларусі была "дэмакратыя", бо былі ў Вярхоўным Савеце Лябедзька ды іншыя "демократы".
А вось Васіль Быкаў вызначыў рэжым як "хунту" яшчэ у красавіку 1995-га, адразу пасьля таго, як ў залі парлямэнту былі зьбітыя батальёнам спэцназу дзевятнаццаць дэпутатаў апазыцыі БНФ, што выказалі пратэст супраць рэфэрэндуму аб мове, сімволіцы, "інтэграцыі" з Расеяй ды праве прэзыдэнта на роспуск парлямэнту.
Толькі Лябедзька ня хоча прыгадваць ні пра зьбіцьцё дэпутатаў, ні пра той, першы ганебны рэфэрэндум, вынікі якога для нацыі былі катастрафічныя. І гэтаму ёсьць прычыны.
Агульнавядома, што Лябедзька ўваходзіў у каманду "маладых ваўкоў" (Ганчар, Булахаў, Сініцын, Лябедзька), якая ў 1994 годзе падтрымала Лукашэнку — цудоўна ведаючы, што Лукашэнка выступаў супраць дзяржаўнасьці Беларусі, за аднаўленьне СССР. Дзеля дасягненьня ўлады гэтыя людзі гатовыя былі растаптаць самае сьвятое — Незалежнасьць Бацькаўшчыны. І растапталі.
Трапна сказаў пра Лябедзьку Юры Беленькі: "Трэба згадаць палітычны шлях Лябедзькі — хто ён ёсьць. Гэта чалавек, які ў свой час актыўна адстойваў інтарэсы камсамолу, будучы юным камсамольскім намэнклятуршчыкам. Я маю на ўвазе — калі з боку Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце былі прапановы, накіраваныя супраць камуністычнай партыі і камсамолу. Потым гэты чалавек быў у камандзе спадара Лукашэнкі, нават быў спэцпрадстаўніком спадара Лукашэнкі ў парлямэнце, і цяпер можна паглядзець — пастаянна езьдзіць у Расею, у так званы "совет по внешней и обаронной политике", кансультуецца, яны выпрацоўваюць сумесную палітыку — гэта палітыка не нацыянальна арыентаваная, яна накіраваная на адстойваньне інтарэсаў Расеі — як, у прынцыпе, і тая палітыка, якую праводзіць спадар Лукашэнка".
Ю. Беленькі: “Пазьняк нават непрыхільнікамі прызнаецца як стваральнік” http://web.archive.org/web/20100810234704/http://www.pbpf.org/art.php?cat=5&art=4&lang=be
Як бачым, прэзыдэнцкімі выбарамі 1994 года заслугі Лябедзькі ва ўсталяваньні дыктатуры ў Беларусі ня скончыліся, ён быў прадстаўніком Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце.
Вось толькі прызнаваць гэтага ня хоча, пра што сьведчыць яго нядаўні адказ слухачу радыё "Свабода": (14 красавіка 2006 году,
“Начны госьць” Свабоды — Анатоль Лябедзька) http://web.archive.org/web/20100810234704/http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/4/71960137-D0A5-43FD-A53C-0B5E50D12B1D.html
Спадар: "Паважаны Анатоль, вы былі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня паўнамоцным прадстаўніком Аляксандра Лукашэнкі.... ".
Лябедзька: "Ня быў я нічыім прадстаўніком у Вярхоўным Савеце ні 12-га, ні 13-га скліканьня — гэта міт... Я быў туды абраны як дэпутат".
Гэтак сёньня кажа Анатоль Лябедзька.
А вось што заявіў Аляксандар Лукашэнка на сесіі Вярхоўнага Сваета 12 скліканьня неўзабаве пасьля свайго абраньня прэзыдэнтам: "Пытаньні... будуць вырашаць кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Л.Г. Сініцын і дэпутаты Вярхоўнага Савета Д.П. Булахаў і А.В. Лябедзька, якія робяцца афіцыйнымі прадстаўнікамі прэзыдэнта ў Вярхоўным Савеце".
Гэты выступ надрукаваны у "Народнай газэце" 30 верасьня 1994 года. Цытуецца ён і ў кнізе "Лукашэнка. Палітычная біяграфія" А. Фядуты (якога не папракнеш у сымпатыях да БНФ), старонка 185.
І ня трэба спадару Лябедзьку заяўляць, што, маўляў, ніякіх юрыдычных прызначэньняў не было, што не было галасаваньня ці указу Лукашэнкі. У тым Вярхоўным Савеце шмат чаго не было "юрыдычна". Напрыклад, існавалі безьліч "камісіяў", "аддзелаў" ды "сэктараў" ВС, а Апазыцыі БНФ "юрыдычна" не існавала, бо яна не была прадугледжаная Рэгламэнтам ВС. Дэпутаты Апазыцыі працавалі, як тады казалі, "на грамадзскіх пачатках" (а вось жа, стварылі незалежную дзяржаву).
Пагодзімся: Лябедзька таксама працаваў "на грамадзскіх пачатках". І таксама даволі эфэктыўна (толькі з адмоўным знакам). Вынік гэтай дзейнасьці адчуваецца і па сёньня.
Вельмі красамоўны прыклад дзеяньняў Лябедзькі ў якасьці прадстаўніка Лукашэнкі ў парлямэнце падае былы дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык у артыкуле "Сем гадоў Адраджэньня", які надрукаваны ў 3-ім нумары часопісу АРХЭ, стар. 163-164. Ідзецца пра падзеі восені 1994 года:
"Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў лідэры парлямэнцкіх фракцыяў (БНФ, камуністаў і сацыялістычнай партыі на чале зь віцэ-сьпікерам Кузняцовым) у выніку перамоваў і кансультацыяў пагадзіліся на прыняцьцё новага Закону аб выбарах па прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме. 75% парлямэнту (215 мандатаў) абіраліся па акругах, а 25 адсоткаў (65 мандатаў) па партыйных сьпісах (мы з Пазьняком накіравалі прапанову аб суадносінах 50/50, але для большасьці дэпутатаў гэта быў занадта "рэвалюцыйны" крок. Зрэшты, мы адмыслова прапанавалі такі радыкальны варыянт, каб суадносіны 75/25 успрымаліся як кампраміс і былі заканадаўча прынятыя). Канешне, гэта задавальняла партыйных лідэраў найбольш уплывовых партыяў, паколькі ўсе яны (лідэры) гарантавана праходзілі ў парлямэнт.
Што такі варыянт мог даць Беларусі?
Найперш — Вярхоўны Савет 13 скліканьня меў бы прынцыпова іншы расклад палітычных сілаў. За кандыдатаў БНФ на выбарах у 1995 годзе прагаласуе каля мільёна выбарцаў. Гэта значыць, што ў выпадку наяўнасьці партыйных сьпісаў дэпутаты Фронту мелі б мінімум 20 адсоткаў "партыйных" мандатаў, гэта значыць — каля 15 чалавек (гэта мінімум). І нават пры тым, што ніводны дэпутат БНФ не абраўся б па акрузе (што пазьней і адбылося), БНФ меў бы прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце ў якасьці найменш як пятнаццаці дэпутатаў.
Зразумела, што ўзначальваў бы сьпіс БНФ і прайшоў бы ў ВС Пазьняк. Пазьней Лявон Баршчэўскі заўважыў, што менавіта адсутнасьць Пазьняка на сумна вядомых начных перамовах Шарэцкага і членаў Прэзыдыюму ВС з Лукашэнкам пры пасярэдніцтве Чарнамырдзіна і іншых прадстаўнікоў Крамля ў лістападзе 1996 г. дазволіла падпісаць пагадненьне аб спыненьні імпічмэнту. Сам Пазьняк на пытаньне, што ён рабіў бы ў той сытуацыі, адказвае, што фізычна выцягнуў бы Шарэцкага за каўнер. У верагоднасьці менавіта такога варыянту паводзін Пазьняка ў мяне асабіста няма ніякага сумневу. Аднак быць на тых перамовах Пазьняк мог толькі ў адным выпадку — калі б меў статус дэпутата Вярхоўнага Савета (прысутнічалі ж там Карпенка і Калякін). Калі б Пазьняк быў на тэрыторыі Беларусі, але ня быў бы дэпутатам — шанцаў патрапіць на перамовы ў яго не было б ніякіх (як не патрапіў ён ні на воднае паседжаньне ці мерапрыемства ВС 13 скліканьня — бо не было дэпутацкага мандату).
Шэраг палітолягаў і палітыкаў (напрыклад, той жа Пазьняк) лічаць, што шанец на дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі быў страчаны ўвосень 1992 году, калі ВС адмовіўся прызначыць рэфэрэндум аб новых выбарах. Мне ж падаецца, што канчаткова ён быў страчаны якраз увосень 1994-га, калі быў заблякаваны закон аб выбарах па зьмяшанай сыстэме.
Да моманту пачатку восеньскай сэсіі мы ўжо пераканалі большасьць дэпутатаў у мэтазгоднасьці прыняцьця такога закону. Канструктыўную пазыцыю заняў і Старшыня ВС М. Грыб. Перад сэсіяй дэпутатаў Грыб сабраў дэпутатаў, у тым ліку і прадстаўнікоў антынацыянальна настроенай вэтэранскай арганізацыі, каб ужо ўласным аўтарытэтам паўплываць на іх пазыцыю. Былі запрошаныя і лідэры партыяў, якія не былі дэпутатамі. Аргумэнты прыхільнікаў новага варыянту выбарчага закону, як быццам, успрымаліся. Аднак потым на трыбуну ўзьнялася, як яе прадставілі, палітоляг Вольга Абрамава (пазьней — лідэр арганізацыі, якая пазыцыянавала сябе часткай расейскай партыі "Яблоко"). Абрамава азнаёміла прысутных з вынікамі нейкага сацыялягічнага апытаньня. Зь яго нібыта вынікала, што калі выбары пройдуць па новым варыянце Закону — "бэнээфаўцы возьмуць 80 працэнтаў складу парлямэнту, а то і болей". Гэта выклікала шок у дэпутатаў-вэтэранаў.
І ўсё ж, верагоднасьць правесьці закон на сэсіі ўсё яшчэ заставалася. Як пацьвярджаюць дэпутаты апазыцыі БНФ, арганізатарам блякаваньня гэтага законапраекту ў Вярхоўным Савеце выступіў прадстаўнік прэзыдэнта ў ВС Анатоль Лябедзька. Тады, увосень 1994-га, Лябедзька не ўваходзіў ні ў якую партыю, а няўхільна праводзіў у Вярхоўным Савеце палітыку Лукашэнкі".
Да гэтых успамінаў С. Навумчыка можна дадаць хіба тое, што, як сьведчаць дэпутаты, менавіта Лябедзька як прадстаўнік Лукашэнкі правёў ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня закон, які ствараў сыстэму "вэртыкалі" і фактычна ліквідаваў сыстэму мясцовага самакіраваньня.
А вось яшчэ ўрывак гутаркі з "лідэрам аб'яднанай апазыцыі" на "Свабодзе".
Уліцёнак: "Пытаньне з Воршы: "Зянон Пазьняк, які тыдзень таму заклікаў забыцца пра ўсе крыўды дзеля яднаньня, у прывітаньні да сойму КХП-БНФ назваў Аляксандра Казуліна й Аляксандра Мілінкевіча "прамаскоўскімі квазіапазыцыйнымі" лідэрамі. Што вы думаеце пра такую тактыку?".
Лябедзька: "Я выбраў бы размову сам насам дзе-небудзь у Беларусі з удзелам усіх траіх ды й астатніх. Ня варта дыскуціраваць з дапамогай факсаў — лепш размаўляць гледзячы ў вочы адзін аднаму".
Які цынізм! Прывёў да улады Лукашэнку, дапамог яму ўсталяваць дыктатуру, у выніку якой Пазьняк быў вымушаны пакінуць Беларусь, а цяпер прапануе размаўляць, "гледзячы вочы ў вочы".
Варта было б спадару Лябедзьку перад тым, як кпіць з эміграцыі Пазьняка, прыгадаць яе акалічнасьці.
У першя тыдні пасьля ад'езду з Менску Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык заяўлялі, што не зьбіраюцца эміграваць, што іх мэта — прыцягнуць увагу эўрапэйскіх палітыкаў да прафашыстоўскага характару лукашэнкавага рэжыму і небясьпекі паглынаньня Беларусі Расеяй. Падавалася, што сустрэчы з палітыкамі ў Кіеве, Празе ды Варшаве, акрамя вышэйназваных палітычных мэтаў, значна ўскладняць магчымасць рэпрэсіяў асабіста супраць іх пасьля вяртаньня (праўда, хутка стала зразумела, што Лукашэнка не спыніўся б і перад скандалам эўрапэйскага маштабу). Лідэрам БНФ патрэбна была падтрымка з Менску, і актывісты Народнага Фронту выходзілі з пікетамі да будынку Пракуратуры з патрабаваньнем спыніць крымінальныя справы.
А што ж "дэмакраты" у Вярхоўным Савеце?
А "дэмакраты" ўзрадаваліся магчымаму зьнікненьню палітычных канкурэнтаў з "политического подиума" і раздавалі інтэрв'ю "незалежным" СМІ. Напрыклад, газэце "Свабодные новости" (нумар 16, 19 красавіка 1996):
"Владимир Нистюк, зампредседателя комиссии ВС по правам человека, национальным вопросам и СМИ: "Я полностью согласен с нашим уважаемым президентом, что к административной ответственности Пазьняка, Наумчика и других активистов БНФ за нарушение законодательства привлекут обязательно — акции, устроенные ими вне митинга, иного разрешения и не предполагают. Но за свою жизнь и безопасность разъезжающие по Европе Пазьняк и Наумчик могут не беспокоиться по одной простой причине — они не главные противники президента. У Александра Григорьевича достаточно врагов более значимых и которые находятся при реальной власти. Заграничные заявления руководителей Фронта — это политический фарс, ибо политиками республиканского масштаба они давно не являются".
Анатолий Лебедько, фракция ВС "Гражданское действие": "Мне сложно комментировать право граждан покидать пределы своей страны и возвращаться обратно. Но то, что происходит, вряд ли нужно возводить в ранг большой политики. Если Пазьняк и Наумчик боятся за свою жизнь, они вправе делать любые заявления, но полученный резонанс просто не соответствует реальной расстановке сил на политическом подиуме".
Як бачна, Лябедзька быў незадаволены занадта гучным рэзанансам ад замежнай дзейнасьці лідэраў БНФ. Ні слова ў іх абарону ён не сказаў. Добра, хоць не заклікаў "привлечь", як цяперашні паплечнік Казуліна сп. Нісьцюк. А вось наконт "масштаба", "резонанса" и "расстановки сил на подиуме" "большой политики" памыліўся — у жніўні таго ж 96-га менавіта заява Пазьняка пра палітычны прытулак вымусіла ЗША ды і ўвесь сьвет кардынаьна зьмяніць адносіны да сытуацыі ў Беларусі (прыгадаем, што яшчэ ў ліпені Лукашэнку прымаў ў Елісейскім палацы прэзыдэнт Францыі).
Такія вось рэтраспэкцыі ў недалёкую мінуўшчыну.
Кастусь Дабрыян, Інфармацыйная Камісыя КХП-БНФ