ГЭБІЗМ СУПРАЦЬ МАЛАДОЙ БЕЛАРУСІ

Цягам выбарчай кампаніі былі затрыманыя дзясяткі маладафронтаўцаў. Паўсюль адбываліся ператрусы й допыты актывістаў арганізацыі. У Жодзіне супраць Сержука Гудзіліна, Яўгена Ваўкаўца, Алеся Чарэйкі і Паўла Красоўскага распачалі крымінальныя справы за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паўла Красоўскага, які выдае газэту “Назіральнік”, абвінавачваюць у абразе прадстаўнікоў мясцовай улады. Падставай для крымінальнага перасьледу сталі карыкатуры ў газэце. У Баранавічах супрацоўнікі КДБ дапыталі ў якасьці падазраваных у крымінальнай справе Сержука Марчыка, Андрэя Юруця і Віктара Кісьлюка.

Супрацоўнікі КДБ распачалі крымінальныя справы супраць Валера Мацкевіча, Барыса Гарэцкага, Дзяніса Буйніцкага, Яўгена Скрабутана, Сяргея Ляшкевіча, Насты Азаркі, Сержука Лісічонка, Зьмітра Дашкевіча і Алега Корбана.

Сябра “Маладога фронту” Зьміцер Касьпяровіч ужо адбывае пакараньне ў Жодзінскім сьледчым ізалятары за спробу зьняць лукашысцкі сьцяг і замяніць яго на нацыянальны беларускі на будынку Менгарвыканкаму. Артур Фінькевіч хутка паўстане перад судом за графіці. Паводле абвінавачаньня, ён мусіць заплаціць рэжыму 35 мільёнаў рублёў (15.000 даляраў!)

Больш як паўсотня маладафронтаўцаў дапытаная ў крымінальных справах.

Паводле радыё “Свабода”