ЧУЖЫ РЭЖЫМ ПРАКТЫКУЕ СУПРАЦЬ МОЛАДЗІ ПРЫНЦЫПЫ НКВД І ГІТЛЕРЮГЭНДА

(Вучні ў Горадні павінны прайсьці тэст “на палітычную добранадзейнасьць”)

У некаторых горадзенскіх школах распаўсюдзілі так званую “індывідуальную карту ўзроўню выхаванасьці навучэнца”. Школьнікі павінны былі паставіць сабе адзнаку ад нуля да трох балаў за “прыняцьце ідэалёгіі беларускай дзяржавы” або “ўзровень ідэйна-палітычнай сьвядомасьці”. Затым адзнакі мелі выставіць сваім дзецям бацькі, пасьля — настаўнікі, а потым — падлічыць сярэдні бал.

У “індывідуальнай карце ўзроўню выхаванасьці навучэнца” гаворыцца таксама пра гігіену, здароўе і заняткі фізкультурай, але на першым месцы менавіта пункты пра “павагу да (лукашысцкай) Канстытуцыі і законапаслухмянасьць” і пра “здольнасьць супрацьстаяць нэгатыўным тэндэнцыям”, якім канкрэтна — не патлумачана. Адным словам, “данос вучня на самога сябе” і тэст “на палітычную добранадзейнасьць” да “ідэалёгіі”, што зачыняе беларускія школы, зьдзекуецца зь беларускай культуры, праводзіць этнацыд беларусаў і г. д.

Супрацоўніца Ленінскага райаддзелу адукацыі Горадні Тацяна Асмалоўская спакойна ўспрымае зьмест “індывідуальнай карты ўзроўню выхаванасьці навучэнцаў”.

Тым часам праваабаронца Сяргей Мальчык ацэньвае гэта так: “Я бачу ў гэтым, па-першае, магутны ідэалягічны ўціск і на дзяцей, і на бацькоў. А па-другое, можна так сказаць, і ўскосны вышук неляяльных бацькоў.

Паводле радыё “Свабода”