НАВАПОЛАЦАК: АНАТОЛЬ КУЛІК ПРАЦЯГВАЕ ТРЫМАЦЬ ГАЛАДОЎКУ

Дзясяты дзень трымае галадоўку сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ з Наваполацку Анатоль Кулік. Ён распачаў яе ў момант інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, пратэстуючы супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту, учыненаму ўладамі супраць шэрагу актывістаў выбарчай кампаніі.

Здароўе галадоўніка, якому ў студзені сёлета споўнілася 60 гадоў, здавальняючае: адзінае, з чым мае праблемы, гэта з сэрцам. Бліжэйшым часам ён плянуе зьвярнуцца да лекараў.

Распачынаючы галадоўку, Анатоль Кулік спадзяваўся, што яго падтрымаюць іншыя, нераўнадушныя да лёсу Бацькаўшчыны людзі, аднак акцыя гэтая падтрымана не была. Тым ня менш, наваполацкі дэмакрат зьбіраецца трымаць галадоўку яшчэ пяць дзён.

(17 красавіка 2006.) Паводле радыё “Свабода”