МЫ НІКОЛІ НЕ ЗАБУДЗЕМ ХТО ПАДРЫХТАВАЎ НАМ АТАМНУЮ СЬМЕРЦЬ

16 красавіка 2006 г. Італьянская газэта "La Stampa" публікуе інтэрвію з М. Гарбачовым, былым генсекам КПСС і прэзыдэнтам СССР. Гэтым разам яго распытвалі пра Чарнобыльскую катастрофу. Ён адказваў на пытаньні ў гладкім стылі школьнага выдатніка, камсамольскага актывіста, задаволенага сабой. Аказваецца, паводле ягоных словаў, яны ў ЦК ня ведалі пра маштабы катастрофы. Паслалі ў Чарнобыль ажно дзьве камісіі з Акадэміі навук, але ні пра што не здагадваліся. Калі італьянскі журналіст нагадаў яму, што ў Швэцыі спэцыялісты-радыёлягі і ўлады неяк здагадаліся аб усім у першы ж дзень і пачалі даваць сігналы трывогі свайму насельніцтву і ўсяму сьвету (нават савецкія грамадзяне даведаліся пра катастрофу з швэдскіх радыёстанцыяў), Горбі не міргнуў вокам. Цэковец пацьвердзіў гэты факт і паведаміў, што "мы зрабілі ўсё, каб выратаваць людзей з пацярпелых раёнаў". Італьянец распытваў яго яшчэ пра "гласность" і "перестройку", але чытаць адказы было ўжо не цікава. Галоўным акордам бессаромнай хлусьні і прывычных вывертаў крамлёўскага кіраўніка была нечаканая праўда пра першыя пасьлячарнобыльскія дні: "Галоўная наша задача была ў тым, каб пазьбенуць панікі".

Наш камэнтар: Не спытаў (хутчэй за ўсё ня ведаў пра гэта) італьянскі журналіст у Горбі, чаму па загаду Крамля савецкая авіяцыя расстраляла над Гомельскай і Магілеўскай вобласьцямі радыёактыўныя воблакі, што ішлі з Чарнобыля на Маскву. Апусьціўшы на Беларусь атручаныя дажджы, Масква нават не паведаміла пра гэта нашаму насельніцтву. Сам Гарбачоў упершыню зьявіўся на тэлеэкране роўна праз 13 дзён пасьля катастрофы, даючы ідыёцкія камэнтары пра катастрофу ("всё под контролем, товарішчі..."). У першыя пасьлячарнобыльскія тыдні райкамы загадалі гнаць з атручаных тэрыторыяў сотні галоваў быдла ("клапаціліся" аб народнай гаспадарцы), а людзей пакідалі на атамны экспэрымэнт. Масква нахабна хлусіла беларусам, украінцам і сваім жа расейцам пра "нязначную тэхнічную непаладку на ЧАЭС". Многія з гэтых фактаў даўно апублікаваныя і абмеркаваныя ў беларускім і ўкраінскім грамадзтве. Нам нецікавыя маналёгі Гарбачова, аднаго з арганізатараў антычалавечага злачынства ў красавіку-траўні 1986 г. Гэта італьянцам ён можа вешаць спагэці на вушы, распавядаючы пра "гуманізм ЦК КПСС". Мы ніколі не забудзем расейскія самалёты, якія апускалі на нашу зямлю, на наш народ атамную сьмерць. Беларусы памятаюць аб гэтым маскоўскім злачынстве.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ