ЗМАГАРНЫЯ БАСКІ
17 красавіка 2006 г. Партугальская газэта "Diario de Noticias" піша пра святкаваньне баскскім народам Aberri Eguna (па-баскску — Дня Баскскай Айчыны). У сталіцы Басконіі Більбао адбыліся цэнтральныя мерапрыемствы, на якіх выступілі вядучыя нацыянальныя палітыкі. Лідэр аўтаномнага ўраду Басконіі Хуан Хасэ Ібарэтсэ заявіў: "Мы маем права на адзіную Канстытуцыю для баскаў". Іншы палітычны дзеяч Ж. Імас зьвярнуўся да дзесяткаў тысячаў удзельнікаў мітынгу з словамі: "Цяпер наша тоеснасьць кансалідавана, і мы зьяўляемся нацыяй".
Наш камэнтар: На сьвята сабраліся разам баскі з абодвух частак іхнай гістарычнай Айчыны, падзеленай паміж Гішпаніяй і Францыяй. Яшчэ трыццаць гадоў таму (да сьмерці дыктатара Франка ў 1975 г.) баскская мова, любая праява нацыянальнай культуры і любая згадка пра баскскую нацыю былі забаронены ў Гішпаніі. У Францыі (дзе баскаў называюць гасконцамі) да іх ніколі ня ставіліся сур'ёзна. Дастаткова ўспомніць клясічны эпізод з французкай літаратуры: вобраз прастака-гасконца Д'Артаньяна, з якога сьмяюцца ў Парыжы. Баскская тэма, аднак, даўно ўжо перастала быць сьмешнай. На працягу дзесяцігоддзяў баявая арганізацыя ЕТА вяла ўзброеную барацьбу за незалежнасьць сваёй краіны (гішпанская манархія, зразумела, называла іх тэрарыстамі). Нядаўна ЕТА абвесьціла перамір'е. Сучасныя дзяржавы павінны б памятаць, што менавіта баскі зьяўляюцца самым старажытным жывым народам эўрапейскага кантынэнту (яны яшчэ "даіндаэўрапейцы", усе астатнія расьсяліліся ў Эўропе пазьней). Яны гэтага памятаць ня хочуць. Але з гэтай прычыны баскі не сумуюць, спадзяюцца ў справе нацыянальнага Адраджэньня выключна на сябе і дасягаюць посьпех за посьпехам. Калі пры Франка яны маглі размаўляць на роднай мове толькі шэптам, калі не існавала баскскага кнігадруку і школьніцтва, то за тры апошнія дзесяцігоддзі намаганьні адраджэнцаў не прапалі дарэмна: абсалютная большасьць баскаў вярнулася да роднай мовы і культуры. З кожным годам Басконія дамагаецца ўсё большай палітычна-адміністрацыйнай аўтаноміі ў Гішпаніі, у школах усе прадметы выкладаюцца па-баскску, працуюць нацыянальныя СМІ і выдавецтвы. У Беларусі праз спадарожнікавую антэну можна прымаць баскскі тэлеканал "Euskadi". Там рэгулярна транслююць дзіцячыя праграмы. Малыя дзеці дэклямуюць вершыкі, сьпяваюць на роднай мове, танцуюць баскскія танцы. Становіцца зразумела, што будучыня краіны належыць ім, а не калянізатарам. Калі тэлеканал паказвае баскскую моладзь (сьвяты, канфэрэнцыі, а часам і нацыяналістычныя дэманстрацыі, сутыкненьні з паліцыяй), то міжволі ўспамінаеш беларускіх маладых патрыётаў. Змагарная моладзь на двух супрацьлеглых палюсах Эўропы абараняе сваю Айчыну, забясьпечвае будучыню сваю і ўсёй нацыі. А калі культуру, мову і дзяржаву бароніць моладзь — народ пераможа.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ