О'ІРЛЯНДЫЯ!

17 красавіка 2006 г. Нідэрляндская газэта "De Telegraaf" дае рэпартаж з сталіцы Рэспублікі Ірляндыі Дубліна. Напярэдадні там адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысьвечаныя 90-годдзю Вялікоднага Паўстаньня. Прэм'ер краіны Бэрці Ахэрн і прэзыдэнт Мэры Мак Эліс усклалі вянкі да будынку Галоўпаштамта, дзе знаходзіўся штаб ірляндскіх паўстанцаў. Адбыліся вайсковы парад і маніфэстацыя. Пры чым, вайскоўцы прынялі ўдзел у сьвяткаваньнях упершыню з 1970 г., бо раней улады апасаліся абвастрыць ваяўнічыя настроі ў Паўночнай Ірляндыі, дзе ў той пэрыяд разгаралася барацьба за ўзьяднаньне з Айчынай.

Наш камэнтар: Ірляндскі народ змагаўся за сваю незалежнасьць на працягу васьмісот гадоў. Здраднікі прывялі на вольны востраў ангельскіх калянізатараў яшчэ ў 1176 г. З тае пары кожнае (!) пакаленьне ірляндскага народу мела сваё паўстаньне. Апошнія нацыянальныя паўстаньні ў 1798 і 1803 гг. былі разгромленыя акупантамі. Але народ не здаваўся, зьяднаны ідэяй каталіцызму, нацыянальнай культуры і дзяржаўнасьці. Калі на патрыятычны мітынг у сярэдзіне 1840-х гг. сабраўся мільён ірляндцаў, ангельскія акупанты "пачалі дзейнічаць". Імпэрцы выкарысталі хваробу бульбы (асноўнага прадукту харчаваньня ірляндцаў) дзеля падрыву няскоранай нацыі. Нягледзячы на страшны голад акупанты вывозілі з вострава прадукты ў адпаведнасьці з вызначанай раней каляніяльнай квотай падаткаў і паставак. Памерла ад голаду паўтара мільёны ірляндцаў, тры мільёны эмігравалі ў Амэрыку. Але на злачынствы акупантаў нацыяналісты адказалі партызанскай вайной, якая не давала спакою англічанам да самай Першай сусьветнай вайны.

Кульмінацыяй адчайнай барацьбы стала паўстаньне ў Дубліне на Вялікдзень у красавіку 1916 г. Баявыя атрады нечакана для акупантаў выйшлі з падпольля і занялі ўвесь цэнтар Дубліна. У будынку Галоўпаштамта паўстанцы утварылі Часовы ўрад і зьвярнуліся да народу з Дэклярацыяй Незалежнасьці. Беларускі патрыёт з хваляваньнем прачытае радкі гэтага гістарычнага дакуманта, у якім адгукаюцца далёкія галасы і нашага нацыянальнага змаганьня: "У імя Бога і памерлых пакаленьняў, ад якіх мы атрымалі нашу старажытную нацыянальную традыцыю, Ірляндыя праз нас зьбірае сваіх дзяцей пад сваім сьцягам і змагаецца за сваю свабоду. Мы дэкляруем права народу Ірляндыі на валоданьне Ірляндыяй і на непадзельнае права вызначаць лёс Ірляндыі: быць сувярэннай і належаць народу. Доўгая ўзурпацыя гэтага права чужым народам і ўрадам не зьліквідавала гэтае права. Яно ня можа быць зьліквідавана інакш як толькі праз зьнішчэньне Ірляндскага народу. Мы аддаем справу Ірляндская Рэспублікі пад пратэкцыю Усявышняга Бога...".

Брытанцы кінулі супраць патрыётаў цэлыя палкі, артылерыя разбурыла палову горада. Але паўстанцы мужна абаранялі сваю сталіцу на працягу некалькіх дзён. Яны выйшлі пад белым сьцягам толькі тады, калі стала зразумелым, што немагчыма аказаць дапамогу сотням сваіх параненых. З горда ўзьнятымі галовамі, самкнёнымі шыхтамі яны прайшлі паміж брытанскіх войскаў, якія не хавалі рэспэкту да пераможанага праціўніка. Нягледзячы на паразу ў бітве ўвесь сьвет даведаўся пра ірляндскіх змагароў, браты Луцкевічы віталі іхны подзьвіг з акупаванай Беларусі.

Без Вялікоднай Дэклярацыі 1916 г. немагчымым было б аднаўленьне незалежнай Ірляндыі ў 1922 г. (так жа сама, як без 25 Сакавіка 1918 г. немагчымым было б аднаўленьне нашай Дзяржавы ў 1991 г.). Як заўсёды, паліцэйшчына дзейнічала сваімі мэтадамі. Параненых біў нагамі асабіста англічанін-начальнік дублінскай паліцыі, гэткі мясцовы генэрал Жадобін (пазьней за гэта яго забілі патрыёты). Важна адзначыць, што насельніцтва Дубліна, якое моцна пацярпела падчас баёў, спачатку праклінала нацыяналістаў. Але, даведаўшыся, што англічане расстралялі пятнаццаць кіраўнікоў паўстаньня (у тым ліку і параненых), людзі пачалі актыўна падтрымліваць партызанаў і падпольшчыкаў, якія працягнулі барацьбу і дамагліся перамогі праз шэсьць гадоў. Змагарны і салідарны народ перамог магутную імпэрыю.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ