ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ БУРБАЛКІ З РАСЕІ
16 красавіка 2006 г. Гішпанская газэта "El Mundo" паведамляе зьвесткі з расейскай калёніі строгага рэжыму, што ў сібірскім Краснакаменску. Тамака днямі сусед па каморы кінуўся на М. Хадаркоўскага і параніў яго нажом у твар. У сувязі з гэтым газэта яшчэ раз нагадвае кароткую гісторыю расейскага бізнэсу, месца ў ім Хадаркоўскага і чаму яго пасадзілі за краты цяперашнія маскоўскія ўлады.
Наш камэнтар: Паведамленьні пра зэка Хадаркоўскага ўзьнікаюць у заходніх газэтах у сярэднім раз на тыдзень (не радзей!). Да яго ў зону прыехала жонка... І вось паўсюль друкуецца партрэт сімпатычнай маладзіцы з перадачай у руках, расповед пра іхнае сямейнае жыцьцё і г.д. Адвакат Хадаркоўскага зрабіў нейкую заяву... Паўсюль друкуецца партрэт зэка-міліянэра і чарговы агляд ягонай капіталістычнай мінуўшчыны. З гэтага ўсяго мы не даведаемся, аднак, самага галоўнага. Ніхто з заходніх журналістаў-аналітыкаў не спытаўся аніразу: а адкуль Хадаркоўскі набраў столькі грошай? Чаму цяпер настаў пэрыяд, калі ён са сваімі грашыма ўяўляе пэўную небясьпеку для пуцінскага рэжыму. Заходнікі не паведамяць сваім чытачам пра тое, як хадаркоўскія абрабавалі падсавецкія народы на этапе развалу савецкай імпэрыі. Рабілі яны гэта разам з КПСС і КГБ. Потым КПСС "не стало". А хадаркоўскія спадзяваліся, што гэбэ будзе ахоўваць іх і іхныя мільёны, што лубянская кантора будзе прыслужываць іхнай залатой рыбцы. Мільянэры і не заўважылі, як гэбэ заняў месца КПСС ў імпэрскай герархіі, як выкрышталізаваўся расейскі фашызм-гэбізм. Яны і не зразумелі адразу, што адбываецца, калі лубянцы пачалі зашпільваць на іхных халёных ручках кайданкі. Цяпер яны "ахвяры рэжыму". Цяпер пра іх рэгулярна піша капіталістычная прэса. Нешта яна ня піша пра сапраўдных ахвяраў фашыстоўскага рэжыму, пра прыкаваных да шпітальных ложкаў маладых беларускіх патрыётаў, параненых і арыштаваных 19-25 сакавіка сёлета ў Менску. А калі заходнікі й надрукуюць фатаздымак з плошчы Кастуся Каліноўскага, то (як італьянская газэта "L'Espresso") дадуць такі камэнтар, што і чытаць брыдка: "На плошчы сабралося некалькі дзесяткаў асобаў, якія й самы ня вераць у сваю перамогу. Праз колькі гадзінаў паліцыя лёгка выцесьніць іх з плошчы. Нават без фальшаваньняў большасьць насельніцтва прагаласавала б за Лукашэнку" і г.д.
Падчас апошніх рэвалюцыйных падзеяў мы сустрэлі ў Менску шэраг талковых і сумленных заходніх журналістаў. Але трэба прызнаць, што тупізм абсалютнай большасьці гэтай "браціі" проста агаломшвае. Яны ня проста аніразу не былі ў нашай краіне ("кавалі" свае рэпартажы з інтэрнэту, начытаўшыся розных Хартыяў-97, а то і афіцыйных шклоўскіх сайтаў), але й на мапе ня здолеюць Беларусь адшукаць. А вось жа тэарэтызуюць пра беларусаў, уплываюць на грамадзкую думку ў сваіх краінах. Як кажуць, і сьмех і грэх.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ