НОРАВЫ ЛІБЭРАЛЬНАГА КАЛЯНІЯЛІЗМУ

15 красавіка 2006 г. Нямецкая газэта “Die Welt” піша пра завяршэньне судовага працэсу над трыма братамі, які зьдзейсьнілі забойства ўласнай сястры. У лютым 2005 г. нямецкі курд Аян Сюрючю ўвайшоў у кватэру сваёй 23-гадовай сястры Хатун, спытаўся ў яе, ці прызнае яна свае грахі (сястра, набраўшыся эўракультуры, займалася блудам), а потым стрэліў ёй у твар. Суд прысяжных прысудзіў яго да 9 з паловай гадоў зьняволеньня (гэта за прадуманае забойства!). Прысяжныя, аднак, не знайшлі віны двух іншых братоў Сюрючю, якія забясьпечвалі зброю, транспарт і прымалі ўдзел у “сямейнай нарадзе”, пасьля якой была забіта дзяўчына. Выходзячы з залі суда, яны весела рагаталі, а асуджаны паказваў журналістам растапыраныя пальцы ў знак перамогі. Па ўсёй Нямеччыне пракацілася хваля ўстрывожаных дыскусіяў наконт “інтэграцыі чужынцаў у заходняе грамадзтва” ды пэрспэктывы інтэрэтнічнага супрацоўніцтва.

Наш камэнтар: Трэба сказаць, што гэта была чарговая хваля ўстрывожаных дыскусіяў. Яна ўздымаецца штораз, калі адбываецца нейкая жудасная падзея, зьвязаная з “немцамі”, у якіх экзатычныя імёны. Хаця багатая на вынаходніцтвы нямецкая мова ўжо даўно вывела прыймальную для мясцовага вуха формулу: напрыклад, пэрсанажаў апошняй драмы ў прэсе называюць “deutsch-kurdische” (зразумела без перакладу). Але чамусьці ўшчэнт рацыянальныя немцы (як і іншыя эўрапейцы) былі ўпэўненыя, што калі на іхнай нацыянальнай тэрыторыі атабарацца мільёны запрошаных прадстаўнікоў экзатычных народаў, то гаст-арбайтэры паслухмяна падпарадкуюцца нямецкаму парадку (“Odrnung muss sein!”), адкінуць сваю этыку і эстэтыку, пачнуць есьці сардэлькі і запіваць півам. Эўрапейцы спадзяваліся вывесьці новы гатунак немцаў, французаў і іншых, падпарадкаваць яго і перадаць яму выкананьне малапрэстыжовых грамадзкіх функцыяў (будаўніцтва, закатваньне асфальту, ачыстка каналізацыі і г.д.). І вось цяпер яны рэгулярна зьдзіўляюцца, што нават дзеці і ўнукі экзотаў, якія нарадзіліся і вырасьлі на Захадзе, упарта не інтэгруюцца ў эўрапейскае грамадзтва, “сьвята выконваюць” часам самыя жудасныя традыцыйныя рытуалы. І самае галоўнае, экзатычныя “немцы” актыўна пакідаюць будоўлі і каналізацыю ды дэманструюць, хто ў Нямеччыне гаспадар.

Складваецца такое ўражаньне, што “ужо позна”, што нямецкае грамадзтва ўжо пішчыць ад болю, зашчэмленае ў пастцы, якую само наставіла. А зрабіць нічога ня можа. Пара прынамсьці адумацца. Але ж не, нямецкі эстэблішмэнт (няважна, сацыялістычна-шродэрскі ці кансэрватыўна-мэркэльскі) з прускай упартасьцю арганізоўвае эўрапейскую блякаду для эўрапейскіх народаў з постсавецкіх дзяржаваў у цэнтры Эўропы. Працавітыя ўкраінцы і беларусы маглі б прыязджаць на Захад, працаваць тут, зарабляць грошы (замест таго, каб рабіць тое ж самае ў жудаснай Расеі) і вяртацца дадому, узбагачаныя сярод іншага яшчэ й заходнім культурным досьведам. Але немцы ў Брусэлі, Стразбурзе і паўсюль парасстаўлялі сваіх гаўляйтэраў (для Беларусі рэжым блякады арганізоўвае незабыўны Ганс Вік) і актыўна выштурхоўваюць нас у Расею. Тут у Віка “любовь і верность до гроба” з шклоўскім рэжымам і ягонымі крамлёўскімі гаспадарамі, тут у яго “адзінства інтарэсаў” з дыктатурай. Зьдзеквацца з беларусаў у кансулятах і амбасадах, патрабаваць ад нашых людзей дурных і немагчымых даведак, не пускаць на сваю тэрыторыю беларускіх турыстаў, творчых людзей, вернікаў-пілігрымаў, рабочых і навукоўцаў — гэта ёсьць цяперашняя палітыка Эўразьвязу, дзе дамінуюць немцы. Яны нават ня бачаць самагубчай тэндэнцыі гэтай палітыкі. Яны дагаджаюць расейскаму гэбоўскаму фэадалізму і, трэба прызнаць, таксама і самым сабе (каб беларускія мужчыны ў Сібіры пампавалі для фатэрлянда нафту і газ). А ў гэты час дойч-курды страляюць дзяўчынам у твар. Гэта пакуль што, а на чарзе ў якасьці мішэні — чыста нардычныя немкі. Засталося няшмат часу. А Захад актыўна ўмацоўвае абарончы вал у беластоцкім лесе, які падзяліў ня толькі Эўропу, а таксама й эўрапейскую мараль, падвойную мараль Эўразахаду.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ